Андрэй Бастунец: Перагіб на месцах, або вяртанне да старой практыкі
Пасля перапынку аднавілася хваля пераследу беларускіх журналістаў-фрылансераў. Канстатуюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў і пішуць у гэтай справе ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніцтва арганізацыі просіць службоўцаў праясніць сітуацыю з новай хваляй пераследу журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ. Там, між іншым, спасылаюцца на абяцанне Аляксандра Лукашэнкі разабрацца ў сітуацыі. І сапраўды тэндэнцыя спала, але ў новым годзе аднавілася. Паводле старшыні БАЖу Андрэя Бастунца, цяжка казаць, з чым гэта можа быць звязана.
– Ці гэта перагіб на месцах, ці гэта вяртанне да той практыкі, якую мы бачылі ў мінулым годзе. Сказаць пра гэта вельмі цяжка. Звярнуліся ў адміністрацыю, каб атрымаць адказ, ці было прынятае рашэнне на дзяржаўным узроўні. Калі не, дык атрымліваецца, няма аб чым казаць. Калі было прынятае рашэнне, тады атрымліваецца, што ў Гомелі на гэтае рашэнне проста ставяць крыж.
У канцы снежня – пачатку студзеня стала вядома, што ў Гомельскай вобласці распачата пяць адміністратыўных справаў супраць беларускіх журналістаў, матэрыялы якіх з’явіліся ў замежных СМІ. Пад пераслед трапілі журналісты Кастусь Жукоўскі, Аркадзь Малыш і Ларыса Шчыракова.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя