Андрэй Бастунец: У гэтым годзе ціск на незалежныя СМІ павялічыўся



Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавядае, чаму не спыняецца ціск на незалежных журналістаў.

Апошнім часам адбыліся чарговыя затрыманні, ператрусы і канфіскацыя абсталявання журналістаў “Белсата”. На гэты раз пад прэс патрапілі Аляксандр Дзянісаў і Аляксей Кайрыс у межах расследавання справы за абразу і працы без акрэдытацыі.

Андрэй Бастунец: Ціск на незалежныя СМІ, якія не маюць у Беларусі акрэдытацыі, цягнецца ўжо не першы год, а ў гэтым годзе толькі павялічыўся. Ужо нам вядома як мінімум 62 выпадкі, калі журналістаў каралі за працу без акрэдытацыі. За ўвесь мінулы год было 69 выпадкаў, таму напрыканцы года, мяркую, зафіксуем рэкорд!

РР: З чым вы звязваеце такое ўзмацненне ціску?

Андрэй Бастунец: Цяжка сказаць, але відавочна, што гэта мэтанакіраваныя дзеянні ўладаў, для якіх той жа “Белсат”, як костка ў горле. Таму ціхая вайна супраць тэлеканала працягваецца.

РР: Ці ідзе па гэтым пытанні нейкі перамоўны працэс паміж БАЖам і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў?

Андрэй Бастунец: БАЖ увесь час звяртаецца да розных структур, пачынаючы ад МУС, Пракуратуры, Вярхоўнага суда і заканчваючы Адміністрацыяй прэзідэнта. Думаю, што пытанне можа быць вырашана на палітычным узроўні, і яно часам узгадваецца. Напрыклад, падчас дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўразвязам. Праўда, станоўчага выніку пакуль няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя