Андрэй Бастунец: Улады трымаюць беларускіх журналістак у закладніках
Улады трымаюць беларускіх журналістак у закладніках, кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч ужо больш за месяц знаходзяцца за кратамі, іх абвінавачваюць па крымінальных артыкулах. Міжнародная супольнасць і беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць іх вызвалення.
Андрэй Бастунец звяртае ўвагу, што ўскосна справы журналістак звязаныя з рэзананснай справай забойства Рамана Бандарэнкі, праўду пра якую – улады імкнуцца прыхаваць:
– Уся гэта справа трох журналістак ускосна звязана са справай Рамана Бандарэнкі. Пераслед журналістак выкліканы менавіта тым, што такую хваравітую тэму беларускіх уладаў закранулі і гэта стала сапраўднай падставай для таго, каб адправіць іх за краты. Паспрабуем выкарыстаць усе магчымыя метады, што не вельмі проста ў краіне, дзе прававы дэфолт.
Пераслед трох журналістак мае палітычны характар, гэта прызналі праваабарончыя арганізацыі. Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада, яе абвінавачваюць у раскрыцці мэдычнай таямніцы Рамана Бандарэнка (у сваім артыкуле яна працытавала лекара, які заявіў, што ў Рамана не было алкаголю ў крыві). Журналістак тэлеканалу „Белсат” Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову падазраюць у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, іх затрымалі падчас прамога эфіру 15 лістапада з „Плошчы пераменаў” у Менску.
Беларускае Радыё Рацыя