Андрэй Дзмітрыеў: Ад “справы БЕЛТА” для краіны толькі шкода



Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў распавёў, чаму ўлада праз “справу БЕЛТА” псуе сабе імідж.

Учора стала вядома, што крымінальны пераслед рэдактара Tut.by Ульяны Бабаед і аглядальніка БелаПАН Таццяны Каравянковай па «справе БелТА» спынены, паведамляе Tut.by.

Бабаед і Каравянкова, акрамя кампенсацыі раней выстаўленай страты, заплацілі штраф 30 базавых велічынь (735 рублёў).

22 лістапада яшчэ двух фігурантаў справы, карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўлюка Быкоўскага і рэдактара партала Realt.by Уладзіслава Кулецкага, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.

Таксама 22 лістапада галоўнаму рэдактару партала Tut.by Марыне Золатавай выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Андрэй Дзмітрыеў: Як толькі распачалася гэтая справа, мы стварылі петыцыю і заклікалі людзей падпісвацца за тое, каб гэты абсурд быў спынены. Я лічу, шэто гэтая справа, як і многія падобныя, прынесла краіне куды нашмат больш шкоды, чым карысці гаспадарчаму суб’екту БЕЛТА. Бо нават калі быў нейкі несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, то пытанне лёгка вырашалася праз унутраныя перамовы двух рэдакцый. Упэўнены, што ўрон быў бы адразу ж кампенсаваны.

Хаця, як мне падаецца, першым тут трэба штрафаваць сістэмнага адміністратара дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, які некалькі год не мог змяніць пароль і правесці працу па абароне інфармацыі. Беларусь прэтэндуе называцца IT-краінай? Мяркуючы па ўсім, у нашай краіне прагрэс пакуль дайшоў далёка не да ўсіх.

РР: Што далей будзе з гэтай справай?

Андрэй Дзмітрыеў: Трэба як мага хутчэй яе спыняць. Як ужо казаў, гэтая справа псуе імідж краіны, а значыцца у пэўнай ступені пацярпелі і беларусы. Беларусь атрымлівае крэдыты пад большыя адсоткі, менш інвестараў сюды прыйдзе. Шкода тут адназначная! Тыя, хто распачыналі гэтую справу, не думалі пра краіну.

Увогуле, уладам трэба вельмі асцярожна абыходзіцца з пытаннямі, якія звязаны са СМІ. Да краіны і так шмат прэтэнзій. Здаецца, улады выбудоўваюць шматвектарную палітыку. Дык не трэба адной рукой махаць Захаду, а другой біць актывістаў, штрафаваць журналістаў і асуджаць прафсаюзных лідараў. Нічога добрага з гэтага не атрымаецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя