Андрэй Дзмітрыеў: Не варта было рызыкаваць…
Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў пракаментаваў спыненне працы Астравецкай АЭС.
Не паспелі запусціць у Беларусі атамную станцыю, як яе ўжо спынілі. Прадстаўнікі БелАЭС заявілі, што “выпрацоўкі электраэнергіі на дадзены момант няма, патрабуецца замена пэўнага абсталявання”.
Нагадаем, што некалькі дзён таму падчас запуску АЭС Лукашэнка назваў гэта “гістарычнай падзеяй”.
Андрэй Дзмітрыеў: Не трэба змяншаць пагрозы ад гэтай атамнай станцыі, бо Беларусь яшчэ не ачомалася ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У свой час мы патрацілі шмат сіл, каб давесці да чыноўнікаў – у школах трэба ўводзіць курсы, каб людзі разумелі, што трэба рабіць, каб правільна дзейнічаць у выпадку экстрэмальнай сітуацыі на АЭС.
На нас чыноўнікі пры гэтым глядзелі, як на дзівакоў. Казалі, што ўсё ў парадку, што Беларуская АЭС – ледзь не самая небяспечная ў свеце, што ўсё тысяча разоў праверана і прадугледжана. І вось гэтая “самая небяспечная” атамная станцыя адпрацавала ўсяго некалькі дзён і перастала выпрацоўваць электраэнергію. Аварыя!
РР: Кажуць, што выкідаў радыяцыі не будзе…
Андрэй Дзмітрыеў: І дзякуй Богу, што не будзе, але заўсёды трэба рыхтавацца да самага горшага. Думаеце, людзі падрыхтаваны да розных пазаштатных сітуацый на атамнай электрастанцыі? Упэўнены, што ў многіх з гэтай нагоды нават базавых ведаў няма.
Нагадаю таксама, што яшчэ падчас будаўніцтва Астравецкай АЭС было дастаткова непрыемных эксцэсаў. І зараз яе вырашылі запусціць у сітуацыі неверагоднай нервознасці і істэрыі ў краіне. Не думаю, што ў такіх умовах трэба было рызыкаваць і запускаць такія сур’ёзныя і небяспечныя праекты.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя