Андрэй Елісееў: антыбеларуская прапаганда павялічваецца



У Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця адбылася сустрэча “Лідары думак Інтэрнэту і што яны могуць змяніць”. Падчас мерапрыемства быў прадстаўлены маніторынг пра тое, як змянялася якасна і колькасна антыбеларуская прапаганда і дэзінфармацыя на працягу двух апошніх гадоў.

Аўтар даследавання Андрэй Елісееў лічыць, што колькасць такіх сайтаў рэзка павялічылася:

– За апошнія два гады вырасла колькасць сайтаў, якія публікуюць рэгулярна ці шчыра антыбеларускія матэрыялы, ці матэрыялы датычныя Беларусі з вельмі адкрытай дэзінфармацыяй, прапагандысцкімі наратывамі. Гэтыя сайты рэгулярна ўжываюць рыторыку нянавісці. Яны дэманізуюць розныя групы насельніцтва.

На думку Андрэя Елісеева, большасць такіх сайтаў маюць рэгіянальную накіраванасць:

– Стварылася цэлая рэгіянальная сетка сайтаў, якія не толькі на Беларусь скіраваныя цалкам, але і на рэгіёны. На Гарадзеншчыне дзейнічае такі сайт GrodnoDaily. Гэта рэгіянальная сетка. Яны часам увогуле ставяць пад пытанне існаванне беларусаў як народа, беларускай мовы як натуральнай, пішуць, што нібыта яна штучна створаная Захадам, каб адарваць Беларусь ад Расеі. Яны адкрыта абражаюць тых беларусаў, якія не падтрымліваюць канцэпцыю «трыадзінага народа».

Сярод выступоўцаў на сустрэчы былі такія вядомыя беларускія блогеры і спецыялісты ў сацыяльных сетках як Франак Вячорка і Эдуард Пальчыс, якія паказалі, як з’яўляюцца лідары меркаванняў у сусветным павуцінні і якім чынам дасягнуць поспеху ў сацыяльных сетках. Сустрэча была арганізаваная пляцоўкай HrodnaMediaRoom.

Беларускае Радыё Рацыя