Андрэй Кабанаў: Улада баіцца блогераў



Берасцейскі блогер Андрэй Кабанаў выказаўся з нагоды таго, што ў Цэнтрвыбаркам будзе забаронены ўваход блогерам.

Нагадаем, што Лідзія Ярмошына выступіла за тое, каб у Цэнтрвыбаркам мелі доступ толькі супрацоўнікі акрэдытаваных пры МЗС і «цэнтральных» СМІ. А вось блогерам і прадстаўнікам рэгіянальных СМІ, маўляў, там не месца.

Сябры Цэнтрвыбаркама аднагалосна падтрымалі ініцыятыву Ярмошынай. Андрэй Кабанаў: Паглядзеў, як Інтэрнэт-супольнасць паставілася да такой ініцыятывы, і вось там Ярмошыну амаль ніхто не падтрымаў. Мне адно відавочна – улада баіцца блогераў, і ад нас хаваецца. Бо відавочна, што прыйдзецца адказваць на нязручныя пытанні. Тыя, каго яны запрашаюць, такія пытанні не зададуць.

РР: Адным словам, паўплываць на вас тая ж Ярмошына ніякім чынам не зможа…

Андрэй Кабанаў: Уладу вельмі раздражняе Інтэрнэт-прастора, бо гэта тая тэрыторыя, якая не знаходзіцца пад іх кантролем. І вось іх рэакцыя ў адказ. Ххаця яны цудоўна разумеюць, што Інтэрнэт усё больш заваўёвае сусветную інфармацыйную прастору і мазгі людзей.

РР: У некаторых блогераў падпісчыкаў і на самай справе ў разы больш, чым у тых жа цэнтральных газет, якім будзе дазволена працаваць у Цэнтрвыбаркаме. Ці не так?

Андрэй Кабанаў: Многія нашы чыноўнікі – гэта старажытныя людзі з мінулага стагоддзя. Яны не змяніліся, жывуць сваім вузкім колам, гэта вельмі закрытыя людзі. І мысленне засталося такое ж, з таго ж стагоддзя.

Таму, калі Ярмошына кпіць з блогераў і не разумее, наколькі яны папулярныя і без дзяржаўнай рэгістрацыі, то, не выключаю, што яна кажа пра гэта абсалютна шчыра. Яны не ведаюць усіх сучасных працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве. І пераканаць гэтых людзей немагчыма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя