Андрэй Казакевіч: Сёлета – 30 год пачатку рэформаў у СССР, якія атрымалі назву „перабудова”
15-16 траўня ў Менску адбудзецца IV Міжнародная навуковая канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера” “Па-за савецкім канонам: палітычны супраціў, акадэмічная і мастацкая аўтаномія ў познесавецкі перыяд (1960-80-я гады)”.
Месца правядзення: Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі.
На фота: памятны керамічны медаль удзельніка воднага ралі Дзьвіна-Даўгава 1987, арганізаванага нефармальнымі моладзевымі суполкамі Беларусі і Латвіі супраць будаўніцтва гідраэлектрастанцыі.
Як паведаміў доктар палітычных навук, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч:
– У гэтым годзе спаўняецца трыццаць год пачатку рэформаў у СССР, якія атрымалі назву „перабудова” і cталі першым этапам распаду камуністычнай сістэмы. З гэтай нагоды з’яўляецца важным па-новаму паглядзець на тых людзей, якія ўжо ў 1960-1980-я гады выступалі супраць савецкага палітычнага ладу і адкрыта супраціўляліся аўтарытарнай сістэме. Вядома, што дысідэнцкі рух у савецкай Беларусі не быў моцным, меў хутчэй індывідуальныя, чым арганізаваныя формы. Тым больш цікава зразумець, як праяўляўся адкрыты супраціў. Ці былі ў Беларусі дысідэнты? Калі былі, то хто былі гэтыя людзі? Што імі рухала, чаму яны рызыкавалі свабодай і нават жыццём кідаючы выклік савецкай сістэме?
Арганізатары і партнёры канферэнцыі: Інстытут “Палітычная сфера” (Беларусь-Літва), Інстытут ВКЛ (Літва), Універсітэт Вітаўта Вялікага (Літва), Польскі Інстытут у Менску (Беларусь), Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Інстытут гісторыі Літвы (Вільня, Літва), Беларускі калегіум (Менск, Беларусь), Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі (Вільня, Літва).
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя