Андрэй Комлік-Ямацін асуджаны на суткі
Пасля масавых ператрусаў на офісах праваабарончага цэнтра „Вясна”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці і на кватэрах кіраўнікоў і актывістаў гэтых арганізацыяў вядома па меншай меры аб адным затрыманым.
Гэта актывіст Андрэй Комлік-Ямацін, сын каардынатара прафсаюза РЭП па Менску і Менскай вобласці Ігара Комліка. Яго змясцілі на Акрэсціна, у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, ці ў ізалятар часовага ўтрымання. І збіраюцца судзіць па адміністрацыйным артыкуле 23.34 за ўдзел у нейкім несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Па словах Ігара Комліка, у яго кватэры і кватэры сына адбыліся ператрусы:
– Пасля ператрусу яго адразу затрымалі. Нядаўна мне стала вядома, што быццам ён накіраваны ў ЦІП альбо ў ІЧУ. Датэлефанавацца пакуль не атрымалася. Быццам яму інкрымінуюць 23.34, хоць незразумела за што. Таму што мне, напрыклад, невядома, каб ён апошнім часам браў удзел у якіх-небудзь несанкцыянаваных акцыях.
Па словах Ігара Комліка, гэтыя дзеянні можна ахарактарызаваць адным выразам – „прававое бязмежжа”. „Улада сама заявіла, што „зараз не да законаў”. Але цікава будзе паглядзець на яе прадстаўнікоў, калі прыйдзе час адказваць ім. Будуць яны спасылацца на законы, ці па ранейшаму заяўляць што „зараз не да законаў”. Час усё рассудзіць”, – кажа Ігар Комлік.
Толькі што стала вядома, што Андрэй Комлік-Ямацін асуджаны на 25 сутак арышту.
Беларускае Радыё Рацыя