Андрэй Краўчанка выставіў на аўкцыён залаты медаль і абвясціў галадоўку



Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў лёгкаатлет Андрэй Краўчанка выставіў на аўкцыён адзін са сваіх медалёў і абвясціў 10-дзённую галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнямі. Яго зварот размешчаны ў сацсетках на старонках Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС).

„Я ведаю, як цяжка цяпер сем’ям палітвязняў. Таму я вырашыў выставіць на аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў памяшканнях, каб дапамагчы ім. Ён для мяне каштоўны — я заваяваў яго, выступаючы з сур’ёзнай траўмай. На размінцы перад самым стартам я ледзь не прыняў рашэнне зняцца са спаборніцтваў, але скрозь боль дайшоў да самага канца і выйграў. Тады было балюча. Але ў сто разоў больш баліць цяпер. Менавіта таму я таксама ў знак салідарнасці з палітвязнямі вырашыў абвясціць 10-дзённую галадоўку”, — заявіў Краўчанка.

Лёгкаатлет адзначае, што сваім учынкам „нікога ні да чаго не заклікае і не раіць за ім паўтараць”. „Але мне вельмі цяжка перажываць гэтую жахлівую беларускую рэальнасць на гэты момант!” — сказаў ён.

У тэкставым варыянце звароту, распаўсюджаным БФСС, спартсмен падзяліўся ўспамінамі аб сваім затрыманні і 10-сутачным арышце восенню мінулага года. „8 лістапада 2020 года мяне затрымалі на стаянцы ў цэнтры Менска і дасталі проста з машыны. Памятаю ўдар у скронь, боль ад сцяжак на руках, 14 гадзін тварам да сцяны ў РУУС і паездку ў Жодзіна. А для сваіх родных я тады проста знік. Чатыры дні ў майго адваката не было ніякай інфармацыі аб тым, дзе я і што са мной. Калі дэталі і месцазнаходжанне ўсё ж удалося высветліць — гэта не вельмі дапамагло. За ўвесь час майго знаходжання ў Жодзіне я не атрымаў ніводнай перадачы: ні прадуктаў, ні цёплых рэчаў, ні зубной шчоткі. Я нават прапусціў першы дзень нараджэння сваёй дачкі і вярнуўся з каронавірусам. Але я хаця б вярнуўся… Сотні ж беларусаў атрымалі рэальныя тэрміны, а 357 з іх прызнаныя палітвязнямі”.

Паводле слоў лёгкаатлета, яго палохае тое, што арышты „ператварыліся ў штодзённасць, сталі руцінай, і ён не можа з гэтым змірыцца”.

„Пасля майго вызвалення прайшло ўжо паўгода, але я памятаю кожны дзень, які правёў у Жодзіне. Памятаю камеру, пастаянна ўключанае святло, як мы поўзалі на карачках, спалі на падлозе, памятаю твары, абрыўкі фраз. Памятаю кожны з 10 дзён”, — дадаў спартсмен.

Краўчанка ўваходзіць у лік больш як дзвюх тысяч беларускіх спартсменаў, якія падпісалі адкрыты ліст супраць міліцэйскага самавольства і за сумленныя выбары. Ён з’яўляецца адным з актывістаў БФСС, заснаванага ў жніўні 2020 года трохразовай алімпійскай прызёркай плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй.

belapan.by