Андрэй Крот: Беларусам заўсёды было цяжка быць
Сорак гадоў таму ў Лондане, пасля шырокага інфаркту, памёр беларус – біскуп Чэслаў Сіповіч, візітатар для беларусаў-каталікоў візантыйскага абраду. Акурат у той час, калі святкаваліся дзясятыя ўгодкі бібліятэкі імя Францішка Скарыны, дбаннем якога яна паўстала ў Заходнім свеце.
„Ён зрабіў шмат, каб перамагчы перадузятасць і непаразуменні – вынікі шматгадовай варожай прапаганды між грэка-каталікамі і праваслаўнымі, імкнуўся стварыць атмасферу даверу і ўзаемнай пашаны,” – пісаў пра біскупа айцец Аляксандр Надсан.
Чэслаў Сіповіч быў першым, амаль за дзвесце гадоў беларускім каталіцкім біскупам. Пра ягоны ўплыў і дбанне беларускай справе наш карэспандэнт Якуб Сушынскі гутарыць з адмысловым Госцем Рацыі – святаром Андрэем Кратом.
РР: Чэслаў Сіповіч быў патрыётам, чалавекам глыбокай веры, які з’яднаў беларусаў сваёй пастырскай апекай у замежжы. Гэта яму ўдалося ў пасляваенныя часы. Свой жыццёвы шлях ён пачынаў на землях Заходняй Беларусі, на Глыбоччыне, непадалёк ад таго месца, дзе пазней паўстане Друйскі кляштар айцоў-марыянаў. Як вы ацэньваеце гэтую асобу ў беларускай гісторыі?
Андрэй Крот: Гэтую асобу ў беларускай гісторыі цяжка пераацаніць, таму што ён зрабіў так шмат, як для аднаго чалавека: і для царквы, і для нашага беларускага народу, думаю, што і для нашай сённяшняй беларускай сучаснасці. Таму што беларускасць у тым выглядзе, у якой мы яе маем, як перакананне ў сваёй адметнасці, як нейкі такі працяг той культуры, якая пачыналася яшчэ з часоў “Нашай Нівы”, з пачатку ХХ стагоддзя ці з канца ХІХ, ад Францішка Багушэвіча. Яна такая непарыўная таксама дзякуючы той эміграцыі, якая захавалася ў савецкія часы на Захадзе, і якая таксама несла вось гэтую эстафету беларускай культуры. І ўладыка Чэслаў Сіповіч, спачатку айцец Чэслаў Сіповіч, пасля ўладыка, быў, можна сказаць, такім правадыром у гэтым кірунку. Прынамсі, створаны ім беларускі асяродак у Лондане, дзе была і царква, і бібліятэка, і навучанне, і інтэрнат для хлопцаў. Гэта было ўсё тое, што трымала вось гэтую беларускую культуру ў яе не савецкім варыянце, і трымала вось гэтыя дзесяцігоддзі, пакуль Беларусь была ў складзе Савецкага саюзу і пакуль тут беларускасць, хоць яна і прысутнічала, але яна была адметная і пазбаўленая некаторых элементаў, постацяў і традыцый. Уладыка Чэслаў Сіповіч гэта захоўваў на эміграцыі.
РР: У Беларусі зараз таксама нялёгка беларускай нацыянальнай эліце, культурным і рэлігійным асобам . Традыцыйна чамусьці беларусам быць у Беларусі даволі складана, як гэта было і ў часы маладога Чэслава Сіповіча. Бацькі яго былі каталікамі, маліліся па-польску. І вось надышоў час, калі з’яўляецца ў Друі марыянскі кляштар, дзякуючы заступніцтву біскупа Юрыя Матулевіча, літоўца па нацыянальнасці, але які цудоўна разумеў клопат аб духоўнай інтэлігенцыі. І вось гэты канфлікт, які ўзнікаў тады на землях Заходняй Беларусі, дзе беларусаў фактычна пазбаўлялі месца для богаслужэння, урэшце гэтым і скончылася. А вось за мяжой усё ж, нягледзячы на цяжкасці, такое беларускае аб’яяднанне вакол грэка-каталіцкай царквы паўстала. Ці бачыце вы тут паралелі?
Андрэй Крот: Беларусам заўсёды было цяжка быць, не толькі ў савецкія часы, не толькі на Беларусі. Паўсюль заўсёды беларусам цяжка быць, бо мы такая нацыя, якую нашы суседзі часта не прызнаюць як нейкую адметную нацыю, як нейкі адметны народ. І шматлікія суседзі часам хочуць зрабіць нас нейкай часткай сябе. Таму, сапраўды, гэта было цяжка і для ўладыкі Чэслава Сіповіча, і для нас сёння.
Часы мяняюцца, але мяняюцца тэхнічна, а не істотна. А з іншага боку для нас, беларусаў, такі вялікі дар Божы, што мы можам сваю культуру, сваю нацыянальнасць не проста прымаць аўтаматычна, што вось ёсць і ёсць, а мы мусім заўсёды гэтым умацоўвацца. І наша беларускасць – гэта пытанне нашага асабістага выбару. Вось як і было з уладыкам Чэславам Сіповічам.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя