Андрэй Кульбеда: Я не расчараваўся, не пашкадаваў



Адлічаны за ўдзел у акцыях летам-восенню 2020 года студэнт 4 курсу Менскага лінгвістычнага ўніверсітэту Андрэй Кульбеда пасля курсаў польскай мовы будзе навучацца ў Познаньскім універсітэце на факультэце скандынаўскай філалогіі.

Ён не шкадуе пра тое, што прыняў удзел у акцыях пратэсту, а неабачлівае рашэнне кіраўніцтва ўніверсітэта было для яго нечаканым, кажа Андрэй Кульбеда:

– Для мяне нават пытанне адлічэння неяк не стаяла, таму калі яно здарылася, то для мяне гэта было даволі неспадзявана. У мяне не было моцнага шоку і, што важней, я не расчараваўся, не пашкадаваў пра свае дзеянні. Я магу сказаць дакладна, што калі б я зноў апынуўся там восенню 2020 года, я б зрабіў усё так жа і нават больш.

Паводле Андрэя Кульбеды, на акцыі ў 2020 студэнты выйшлі асэнсавана. Дзеючая ўлада маргінальная і надакучыла сваёй бесперспектыўнасцю і ілжывасцю. Малады чалавек прыняў рашэнне будаваць сваё жыццё ў Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя