Андрэй Кушняроў: Мы адказныя за іх мэты, каб завяршыць тое, што яны пачалі
Працягваюць гінуць на вайне ва Украіне лепшыя сыны Беларусі. Апошнім часам стала вядома пра шэсць загінулых беларусаў. Усяго зараз налічваецца ўжо 32 загінулых беларускіх вайскоўцаў на вайне за незалежнасць Украіны.
Госць Рацыі – былы баец палка імя Кастуся Каліноўскага, батальёна “Волат”, сузаснавальнік Асацыяцыі добраахвотнікаў Беларусі Андрэй Кушняроў згадвае сваіх загінулых таварышаў, распавядае пра пачуцці і дапамогу ваярам і іх сем’ям нашай карэспандэнтцы Таццяне Смоткінай.
РР: Вы ведалі асабіста многіх нашых ваяроў беларускіх, якія загінулі. Вы цэніце за якія якасці іх?
Андрэй Кушняроў: Так, я пэўна ведаў большасць нашых ваяроў. Не ўсіх, але ведаў каго блізка, каго менш блізка. І зараз для грамадскасці яны героі, людзі, якія з плакатаў, такія недасяжныя. Для мяне гэта больш людзі, у якіх у быту былі розныя праблемы, розныя звычкі. “Атам” вельмі складана засыпаў, напрыклад. Кагосьці вельмі складана было разбудзіць у нарад, хтосьці не любіў мыць за сабой посуд. Для мяне гэта вось такія людзі. Гэта асабістае, і гэта нармальна. Проста ў кожнага з гэтых людзей ёсць добрыя і дрэнныя звычкі, сем’і, работа. Гэта звычайныя людзі, яны не адрозніваюцца чымсьці асаблівым ад нас, яны адрозніваюцца адзіным – гэта асаблівыс пачуццём адказнасці, калі чалавек кажа – я не застануся ўбаку, я пайду і зраблю штосьці. І нават нягледзячы на тое, што ўсе людзі на вайне разумеюць, што ёсць вялікі шанец памерці, чалавек свядома ставіць на карту вось гэтае мірнае грамадскае жыццё з сём’ёй, магчымасць пайсці з дзіцяці ў кіно, магчымасць убачыць лішні раз жонку. Ён разумее, што ён рызыкуе сваім жыццём, але ён бярэ гэтую адказнасць, таму што не можа па-іншаму, таму што ён хоча жыць у добрай краіне, таму што ён хоча, каб яго дзеці, яго сем’і не так, як ён, лепей жылі. І сам хоча жыць абсалютна ў іншых умовах, ва ўмовах свабоды, ва ўмовах, калі я атрымліваю ўсё добрае і дрэннае за свае дзеянні, а не за тое, што дзесьці хтосьці там за мяне гэта вырашыў.
Вось гэта ўсё пра адказнасці, і наша стаўленне да людзей, загінулых таксама павінна быць такім. Мы адказныя за іх мэты, каб завяршыць тое, што яны пачалі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя