Андрэй Мельнікаў пра свой тур па Украіне
Ацэнкі ўкраінскіх падзеяў у Беларусі па-ранейшаму дыяметральна розныя: ад “фашысцкай хунты” і да “еўрапейскага выбару”.
Гомельскі бард Андрэй Мельнікаў, які нядаўна праехаўся з вялікім канцэртным турам ад Валыні да Сівершчыны, ацэньвае ўкраінскую сітуацыю ўзважана і цвяроза.
Як прымаюць беларусаў у Львове? Ці ёсць у беларусаў і ўкраінцаў спрэчныя моманты ў гісторыі? Ці не змяняецца эйфарыя пасля “Рэвалюцыі Годнасці” разгубленасцю?
З бардам Андрэем Мельнікавым гутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
РР: У вас быў даволі працяглы тур па Украіне. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна.
Андрэй Мельнікаў: Вандроўка па Украіне пачалася ў Харкаве, ажно ў ліпені. Ёсць такая праваабарончая аргінізацыя – “Вясна-96”. Гэтая арганізацыя выйшла на сувязь з украінскімі партнёрамі, дабрачыннай валанцёрская арганізацыі, якая дапамагае ўцекачам. У Харкаве я пабыў тры тыдні валанцёрам, потым давялося паехаць у Новавалынск. Потым зноў давялося вярнуцца ў Берасце, дзе затрымаўся на пахаванні Алеся Чаркашына. Потым была вандроўка ў Воршу, дзе мы святкавалі ўгодкі бітвы 1514 года… А на тым фэсце ўжо колькі гадоў ёсць прысутнасць Украіны.
РР: Канстанцін Астрожскі, як, зрэшты, і Піліп Орлік – нацыянальныя героі і Беларусі, і Украіны… Камяні спатыкнення – чые гэтыя героі ў большай ступені: нашы ці ўкраінскія!
Андрэй Мельнікаў: Украінцы апошнім часам мяркуюць, што Астрожскі – выключна іх гетман, але ж у нас ёсць свае, важкія аргументы… З Воршы – у Львоў, дзе браў удзел у святкаванні Дня беларускай вайсковай славы, і толькі адтуль, праз Кіеў і Чарнігаў, вяртаюся ў Гомель дахаты…
РР: Карацей, такая дзіўная беларуска-ўкраінская памежная сінусоіда, калі глядзець на мапу… А як праходзіла святкаванне Дня беларускай вайсковай славы ў Львове?
Андрэй Мельнікаў: Было шэсце з нашым вялізным беларускім сцягам. Для тых, хто сумняецца, я падкрэсліваю: менавіта з бел-чырвона-белым, іншых мы тут і не бачылі. Было гэта пасля футбольнага матча Украіна-Беларусь. Нашыя заўзятары здавалі кроў для параненых у Антытэрарыстычнай аперацыі. Потым быў абсалютна неверагодны Марш еднасці ўкраінцаў і беларусаў па львоўскіх вуліцах.
РР: Але ж і большасць расейцаў, і шмат хто з беларусаў успрымае Львоў як “сталіцу хунты”, дзе па вуліцах ледзьве не бегаюць бандэраўцы ў форме Вафэн-СС і да ўсіх неўкраінцаў падкрэслена негатыўнае стаўленне! Як ставяцца ў Львове да нашых грамадзянаў?
Андрэй Мельнікаў: Львоў для мяне – найперш еўрапейскі горад, у якім я адчуваю сабе як у Польшчы ці ў Чэхіі. Да нас падыходзілі нават жыхары Львова, якія да футбола ніякага дачынення не маюць, і гаварылі: “Жыве Беларусь!” Вельмі радуе, што беларусы цяпер асацыююцца ў Львове з нечым станоўчым…
РР: Асабіста вы калі-небудзь сутыкаліся ва Украіне з паганым да сябе стаўленнем менавіта на міжнацыянальнай глебе?
Андрэй Мельнікаў: Сустракаўся, але гэта было не на міжнацыянальнай глебе.
РР: Ва Украіне вы бываеце даволі рэгулярна. Ці бачыце вы нейкія змены?
Андрэй Мельнікаў: Сітуацыя ў краіне пагрозлівая. Але ж свабоды ўсё адно болей, чым у Беларусі. Дзіўнае адчуванне, парадокс: у краіне вайна, але свабода тут куды болей! Але ж адчуваецца і расчараванне людзей у тых, каму яны верылі…
Бард Андрэй Мельнікаў нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Доўск Рагачоўскай вобласці Гомельскага раёна. Працаваў у Светлагорску, скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Рэгулярна ўдзельнічае ў канцэртах аўтарскай песні ў Беларусі і па-за яе межамі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіву Андрэя Мельнікава