Андрэй Мядзведзеў: Ніводнага разу не сутыкнуўся з варожым стаўленнем украінцаў
Беларускі праваабаронца і журналіст Андрэй Мядзведзеў, які вымушана апынуўся ва Украіне ў 2021 годзе і не з´ехаў пасля пачатку вайны, не заўважае адмоўнага стаўлення да сябе з боку украінцаў:
-Хачу адзначыць, што ракеты ўжо не ляцяць шмат месяцаў з Беларусі, але гэтыя ракеты ляцелі, і дроны. І самае галоўнае, што з Беларусі заходзілі тыя шалёныя акупанты, якія стварылі гэтую велізарную трагедыю ў горадзе Буча і ў іншых сёлах і гарадах вакол Кіева. Яны ішлі з Беларусі з-пад Мазыра, з-пад Гомеля. І гэта пакінула след у памяці ўкраінцаў і, напэўна, на доўгія гады.
Але ва Украіне, стасуючыся з простымі ўкраінцамі, я ніводнага разу не натрапіў на нейкае варожае стаўленне. Звычайныя ўкраінцы, не палітыкі, кажуць – як жыць у такой краіне з такім дыктатарам? Беларусы ж нічога не могуць зрабіць. Яны спрабавалі ў 2020, а зараз не могуць. Акрамя гэтага многія ведаюць, што беларусы супраціўляюцца расейцам. Таксама многія ведаюць пра “рэйкавых партызанаў”, якіх зараз судзяць, пра тых беларусаў, якія ваююць за Украіну. Ва Украіне я адчуваю прыязнае стаўленне да беларусаў ад тых украінцаў, якія жывуць ва Украіне.
РР: Ці прыходзілілася вам бываць за межамі Украіны? Як ставіліся да вас у іншых дзяржавах?
Андрэй Мядзведзеў: Мне давялося ўлетку быць у Літве і вяртацца пасля ва Украіну. Ёсць такая кампанія ECOLINES – гэта міжнародныя аўтобусы. І ў іх гэта ў правілах. Яны мяне не пусцілі на свой аўтобус, што нібыта ў экіпажа аўтобуса выклікаюць сумневы дакументы пасажыра. Мой пашпарт грамадзяніна Беларусі нібыта выклікаў у іх сумневы. У нейкі момант я нахабна зайшоў у аўтобус. Кажу, што я купіў квіток і маю права ехаць. І вось украінкі, якія жывуць у Польшчы, прычым, расейскамоўныя ўкраінкі, якія хутчэй за ўсё з усходу Украіны, пачалі мне закідаць наратывы пра “летят ракеты, бомбят нас с Беларуси”. Гэта адзіны выпадак, калі мне давяломся такое пачуць. Не лічачы абмеркаванні на розных інтэрнет-пляцоўках. Мне падаецца, што гэта працуюць адпаведныя структуры. Гэта найбольш выгадна маскоўскай прапагандзе і прапагандзе лукашэнкаўскай, якія бачаць ва ўкраінцах ворагаў.
Праваабаронца Андрэй Мядзведзеў кажа, што й далей будзе займацца як праваабарончай, так і журналісцкай дзейнасцю дзеля свабоднай Беларусі і Украіны.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя