Андрэй Мядзведзеў: Пагражалі, што адправяць у СІЗА і „прэсануць”
Зняўся ў пакаяльным відэа і падпісаў дамову пра супрацу з сілавікамі — на такія крокі быў вымушаны пайсці журналіст і праваабаронца з Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў.
16-га ліпеня да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ па крымінальнай справе за „тэрарызм”, правялі ператрус, а потым забралі на допыты.
Андрэй Мядзведзеў паразмаўляў з нашай карэспандэнткай Евай Бардзілоўскай:
– Яны пагражалі, начальнік Рэчыцкага міжрайаддзела КДБ, што калі не запішу гэта відэа і не падпішу гэтую паперчыну пра супрацу, то адправяць мяне ў Магілёўскае СІЗА і пасадзяць у камеру, дзе мяне „прэсануць” і ўсё такое іншае. Я вырашыў, што можа раптам усё ж такі выпусцяць. Заставацца ў СІЗА і гэтых іншых, я не надаваў і не надаю значэнне гэтым паперкам. Я думаю, што ўсе разумеюць, што значаць гэтыя пакаяльныя відэа. Тым больш, што я спрабаваў гэтым відэа падаць сігнал тым, хто гэта будзе глядзець, што гэта не маё. На такой расейскай мове, нейкая трасянка, я яшчэ ўкруціў туды такую фразу, ён мне ў прынцыпе нагаварыў, што трэба сказаць, я збольшага паўтарыў. Там канец у мяне нейкі такі быў, што трэба мець крытычна мысленне. Ён успрыняў гэта так, што трэба крытычна ставіцца да тэлеграм-каналаў, так званых „дэструктыўных”. Мне ўжо шмат хто напісаў, што яны зразумелі, да чаго трэба крытычна ставіцца.
РР: Супрацоўнік на свой тэлефон здымаў?
– Асабіста начальнік начальнік Рэчыцкага міжрайаддзела КДБ, цэлы палкоўнік, на свой тэлефон. Я яму кажу, павярніце гарызантальна, непрыгожа, калі вертыкальна. Ён сказаў: „Нам і так пойдзе”. Проста на свой тэлефон і прычым, наколькі я зразумеў, у мяне ж гадзінніка не было. Па прыкладным часе было ўжо пятая гадзіна вечара, калі ён гэта відэа пачаў прасіць запісаць. Калі я вызваліўся, уначы я першы раз залез у камп’ютар, каб павыходзіць з гэтых усіх прыладаў у сацсетках, то ў адной з суполак, якую хутчэй за ўсё адмініструе гомельская кантора КДБ, там па-мойму ў 17:31 з’явілася гэтае відэа. Потым яно з’явілася на канале Гладкай з „Савецкай Беларусі”. Яны напэўна вырашылі, што правялі ўдалую аперацыю, бо начальнік адразу пабег яго скідаць кудысьці, а мяне павялі на другі допыт тады.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
На сваёй старонцы ў Фэйсбук Андрэй Мядзведзеў апублікаваў паланэз Агінскага — „Развітанне з радзімай”. Мядзведзеў падкрэслівае, што да апошняга не планаваў з’язджаць з Беларусі, але ні пры якіх абставінах ніколі не будзе супрацоўнічаць з сілавікамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота baj.by