Андрэй Пачобут: Непакоіць псіхіятрычны дыягназ, які паставілі Кондрусю
Вядомы журналіст Андрэй Пачобут ацэньвае прысуд, які сёння атрымаў фігурант Плошчы-2010 Уладзімір Кондрусь.
Нагадаем, Уладзіміра Кондруся прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 года і асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым лячэннем і наглядам. Лячыць Кондруся будуць, бо экспертыза ўстанавіла ў яго псіхічны разлад асобы.
Андрэй Пачобут: Гэтае судовае рашэнне – чаканае і прагназаванае. У часы, калі адбываецца пацяпленне з Захадам, улады не могуць дазволіць сабе жорсткі і рэзанансны прысуд. А з іншага боку хочуць і надалей утрымоўваць пэўны градус страха у грамадстве. Таму мы маем сітуацыю, калі справы ўзбуджаюцца, а пасля абвяшчаюцца мягкія прысуды.
РР: Экспертыза ўстанавіла ў Кондруся псіхічны разлад асобы…
Андрэй Пачобут: Мяне якраз і занепакоіў псіхіятрычны дыягназ, які яму паставілі. Варта было б папрасіць экспертаў у гэтай галіне, каб пракаментавалі яго, таму што агучаны змест вельмі нагадвае сумнавядомую „вялацякучую шызафрэнію”. Гэта дыягназ, па якім змяшчалі ў псіхушкі здаровых людзей у СССР.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org