Андрэй Пачобут: Справа мае палітычныя прыкметы
Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік з Tut.by і Тацяна Каравянкова з агенства БелаПАН ды журналіст і медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Менску. Пра гэта пацвердзілі сваякі затрыманых.
На думку прадстаўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Пачобута, ператрусы і допыты сведчаць аб ясным сігнале з боку беларускіх уладаў незалежным журналістам.
– Мэта – каб журналісты, выдаўцы пачыналі баяцца, пачыналі ўзважваць свае словы. Чаму менавіта цяпер, нягледзячы на тыя рэпрэсіі, якія мелі месца ў Беларусі, я маю на ўвазе справу “Белага легіёна”, справу незалежных прафсаюзаў і г.д? Усё ж такі існавала такая думка, што ў Беларусі адбываецца нейкая лібералізацыя, гэтая думка была дастаткова папулярная. І ў гэтых умова трэба было паказаць, дзе межы ўсяму гэтаму.
Як дадае Андрэй Пачобут, аб тым, што справа мае палітычныя прыкметы, сведчыць і мера стрымання, якая была абраная для журналістаў, бо заведзеная супраць іх справа не прадугледжвае змяшчэння пад варту.
– У дачыненні да іх абсалютна бязглуздна выбрана затрыманне. Яны знаходзяцца пад арыштам. Гэта дзікунства. Мэта гэтага – прымусіць даць патрэбныя паказанні. Практыка дастаткова вядомая, максімальна выкарыстоўваецца праваахоўчымі органамі па звыклых справах. Гэта заўсёды элемент ціску. Мы бачым непрапарцыянальны выбар сродкаў стрымання, які сведчыць, што справа мае другое дно, бо як яшчэ можна патлумачыць пераслед папулярных інтэрнэт-парталаў і агенстваў.
Вобшукі і допыты ў рэдакцыях беларускіх СМІ і ў кватэрах журналістаў адбываюцца паводле крымінальнай справы аб нібыта несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармацыйнага агенства БелТА, якую завёў Следчы камітэт.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя