Андрэй Пачобут: Лукашэнка раздражнёны тымі мерамі, якія ўвяла Польшча



«Аляксандру Лукашэнку трэба знайсці вінаватага ў магчымым росце захворвання на каронавірус у Беларусі», – так пракаментаваў сябра непрызнаванага беларускімі ўладамі «Саюза палякаў у Беларусі», журналіст Андрэй Пачобут выказванне кіраўніка дзяржавы пра ўладальнікаў „карты паляка”, якія ходзяць туды сюда праз мяжу.

Андрэй Пачобут, параўноўваючы захады для барацьбы з каронавірусам, якія прадпрымаюцца ў Беларусі і Польшчы, бачыць вялікую розніцу ў стаўленні ўладаў да сваіх грамадзян.

– Па Беларусі мы маем сітуацыю, што Аляксандр Лукашэнка сказаў: свет звар’яцеў. І таму, напэўна, ёсць раздражненне тымі мерамі, якія ўвяла Польшча. Таму што гэта ж “ерунда”. Вось мы тут ходзім, нікому нічога не адбываецца і г.д. Калі вось гэта прыйдзе, то, я думаю, прыйдзе асэнсаванне тых крокаў, якія зрабіла Польшча. Што гэта не ёсць нейкая фанабэрыя, не ёсць нейкі піяр. Што гэта сапраўды балючыя крокі і для польскай эканомікі. Мы ж не ведаем, у якой кандыцыі выйдуць эканомікі краін вось з гэтага піке каранціна. Таму што гэта вельмі каштоўная рэч – уводзіць такія меры.

У той жа час, запэўненыя ў адсутнасці пагрозы дзяржаўнымі СМІ, грамадзяне Беларусі, і ў тым ліку жыхары Гародні, паводзяць сябе спакойна, хаця ў суседняй Польшчы ўведзены стан эпідэміі, кажа Андрэй Пачобут.

– Вось я цяпер стаю на плошчы Савецкай, якая раней называлася плошчай Стэфана Баторыя. Гэта звычайны працоўны дзень. Дастаткова шмат людзей ходзіць па вуліцы. Працуюць гандлёвыя кропкі. Людзі каву купляюць. Сітуацыя такая, што няма ніякага надзвычайнага становішча. Няма ніякай пагрозы. Абсалютна ўсё нармальна, спакойна.

На думку Андрэя Пачобута, на стаўленне да каронавіруса ў Беларусі можа паўплываць сітуацыя ў суседняй Расеі, дзе ўведзены працяглыя выходныя, а прэзідэнт Уладзімір Пуцін, асцерагаючыся хваробы, апрануў „скафандр”, каб наведаць у падмаскоўным шпіталі заражаных небяспечнай інфекцыяй хворых.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя