Андрэй Палуда: Дзіўна, што свет пабачыў гэтыя лічбы



Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда пракаментаваў вынікі сацыялагічнага апытання пра стаўленне беларусаў да смяротнага пакарання.

Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта апублікаваў вынікі сацыялагічнага апытання пра стаўленне да смяротнага пакарання. Яно праводзілася ў 2016 годзе, аднак колькасць удзельнікаў не называецца. Палова рэспандэнтаў (52%) лічыць, што ў гэты момант смяротнае пакаранне неабходнае. За адмену вышэйшай меры пакарання выказаліся 20% удзельнікаў апытання, а за ўвядзенне мараторыя (часовай забароны) — 19% рэспандэнтаў.

Андрэй Палуда: Па вялікім рахунку, гэтыя лічбы карэлююцца з тымі, што апошнім часам называем мы. У тым ліку, не асабліва адрозніваюцца і ад лічбаў, якія былі па выніках незалежных даследаванняў у 2013-2014 гадах. Але яны ніякім чынам не стасуюцца з тым, пра што ўвесь час любяць казаць прадстаўнікі дзяржавы, звяртаючыся да вынікаў рэферэндуму – маўляў, каля 80 адсоткаў людзей выступаюць за смяротнае пакаранне. Пры гэтым мы ўвесь час казалі, што рэферэндум быў даўным-даўно, за гэты час змянілася не толькі пакаленне беларусаў, але і стаўленне да смяротнага пакарання.

РР: Для вас было нечаканасцю, што будуць надрукаваны такія афіцыйныя лічбы?

Андрэй Палуда: Скажам так, было вельмі дзіўна і цікава, што свет увогуле пабачыў іх. Магчыма, такім чынам улады рыхтуюцца да прыняцця нейкага рашэння па праблеме смяротнага пакарання. Можа быць, падрыхтоўваюць грамадскую думку. У любым выпадку – гэта дастатковы цікавы індыкатар, на які варта звярнуць увагу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя