Андрэй Палуда: Кошт пытання — жыццё



Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда пракаментаваў першы вынесены сёлета ў Беларусі смяротны прысуд.

У судзе Вілейскага раёна 5 студзеня вынесены смяротны прысуд жыхару Вілейкі, абвінавачанаму ў забойстве сваёй сужыцелькі. У Вілейцы адбылося выязное пасяджэнне суда Мінскай вобласці, які і вынес гэты прысуд, паведамляе kraj.by.

Абвінавачаны раней быў судзімы за забойства ў савецкія часы. Тады яму вынеслі смяротны прысуд, але пасля скаргі асуджанага ў Вярхоўны Суд, растрэльны прысуд быў зменены на пазбаўленне волі. Паколькі ў СССР не існавала пажыццёвага зняволення, тэрмін склаў не больш за 15 гадоў.

У жыцці абвінавачанага таксама ёсць эпізод нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпелага.

Гэтым разам справа разглядалася па другой частцы артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю».

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымліваў супрацоўнік пракуратуры Мінскай вобласці. Ён прасіў суд вынесці абвінавачванаму найвышэйшую меру пакарання.

Суд пагадзіўся з меркаваннем дзяржаўнага абвінаваўцы. Другая частка артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пункт шосты: «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю». Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.

photo-01

Андрэй Палуда: У святле паляпшэння стасункаў з Еўропай былі спадзяванні, што сёлета ў краіне могуць быць зрухі ў пытанні ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, але ж бачыце, што атрымліваецца. У дзеяннях уладаў нярэдка бываюць абсалютна алагічныя рашэнні. Дарэчы, у гэтай справе, па якой вынеслі вышэйшую меру, яшчэ застаецца шэраг пытанняў, і мы будзем разбірацца разам з адвакатамі.

РР: Ужо напачатку года дзяржава паказала, што не збіраецца адмаўляцца ад расстрэльнага артыкула?

Андрэй Палуда: Ведаеце, сярод іншых версіяў мае права на жыццё і такая: маўляў, улада кінула на шалі вось гэты смяротны прысуд, калі разглядаць пытанне ў кантэксце гандлю паміж Еўропай і Беларуссю. Палітвязняў выпусцілі на волю, і, магчыма, замест іх у якасці прадмета для гандлю застаецца смяротнае пакаранне. А ўвядзенне мараторыя на вышэйшую меру — таксама сярод шэрагу пытанняў, якія разглядаюцца ў беларуска-еўрапейскіх дачыненнях. Таму не выключана, што афіцыйны Менск вырашыў крыху павысіць кошт пытання.

РР: 20 гадоў таму прайшоў рэферэндум, падчас якога беларусы выказаліся за смяротнае пакаранне. На ваш погляд, ці змянілася стаўленне людзей па гэтым пытанні зараз?

Андрэй Палуда: Думаю, што меркаванні сёння падзяляюцца пароўну, хоць тут яшчэ залежыць ад таго, як падаваць праблему. Калі СМІ распавядаюць падрабязнасці злачынства, то народ і на самай справе можа сказаць: да сценкі нелюдзя! А, калі паказаць слёзы і пакуты маці таго ж злачынцы, рэакцыя будзе зусім іншая. Увогуле, па гэтым пытанні павінна быць проста палітычная воля ўладаў, і ніякія рэферэндумы тут не патрэбныя. Так, рашэнне непапулярнае, але ж улада не праводзіць рэферэндумы, калі падымае цэны ці праводзіць трохразовую дэвальвацыю. Трэба разумець, што чалавечае жыццё – гэта ўсё-такі жыццё, якое даў Бог. Якія б не былі злачынцы, але гэта – людзі. Калі ўлада выносіць смяротныя прысуды, яна сама становіцца забойцам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belapan.by