Андрэй Палуда: Нам даводзілася паведамляць маці пра расстрэл сына
У 2019 годзе спаўняецца 10 гадоў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Пра дзейнасць у цяжкай і актуальнай для Беларусі галіне правоў чалавека гаворым з каардынатарам кампаніі – Андрэем Палудам.
Андрэй Палуда
– Андрэй, Вы юрыст, правазнаўца, у мінулым – супрацоўнік міліцыі, ці не было ў Вас ўнутранага псіхалагічнага супраціву, калі Вы пачыналі ўдзельнічаць у кампаніі? Што наогул было? Якія думкі і адчуванні?
– Вельмі складанае пытанне. Я цяпер скажу рэчы, пра якія ніколі яшчэ не казаў, пра свой жыццёвы досвед. Я сапраўды раней працаваў у органах унутраных справаў і навучаўся ў спецыялізаванай міліцэйскай установе. Гэта заўсёды накладае свой адбітак, бо сістэма навучання пабудаваная з абвінаваўчым ухілам. Падчас здымкаў фільма “Прычына смерці – прочырк” маці расстралянага Андрэя Жука адказвала на пытанне: як яна галасавала па смяротным пакаранні падчас рэферэндума 1996 года. Яна казала, што не памятае, як галасавала. Я задумаўся пра сябе. І цяпер не магу сказаць, што я галасаваў супраць смяротнага пакарання. Тады быў такі перыяд, я працаваў у органах унутраных справаў, не памятаю, якое было маё рашэнне па смяротным пакаранні.
Пасля працы ў міліцыі я навучаўся па праграме Варшаўскага фонду па правах чалавека, дзе атрымаў асновы разумення правоў чалавека. І я памятаю, што падчас навучання ў мяне праходзіла сур’ёзная “ломка” – так можна сказаць. Гэта былі 2006-2007 гады, адбывалася каштоўнасная “ломка”, звязаная з падыходам, заснаваным на правах чалавека. Але перад тым, як я патрапіў на навучанне па правах чалавека, таксама адбыліся пэўныя падзеі, звязаныя са смяротным пакараннем. Я на той час ужо ўдзельнічаў у працы Беларускага Хельсінкскага камітэту ў Магілёўскай вобласці, дапамагаў пісаць скаргі. У 2005 годзе ў Бялыныцкім раёне адбылося забойства шасці чалавек, у тым ліку, двух малалетніх дзецей. На наступны дзень былі затрыманыя мясцовыя жыхары, пачаліся следчыя дзеянні. У адносінах двух пракурор запрасіў смяротнае пакаранне. Да мяне звярнуўся актывіст Барыс Вырвіч і папрасіў дапамагчы напісаць скаргі сваякам гэтых людзей, у адносінах якіх мог быць вынесены смяротны прысуд. Мы прыехалі да маці аднаго з іх. Яна працавала ў бібліятэцы, я напісаў скаргу. Пасля яшчэ дапамагаў ёй у абскарджванні. Дзякаваць Богу, гэтых людзей адпусцілі, але яны маглі быць расстраляныя. Гэта быў першы выпадак, калі я сутыкнуўся з тэмай смяротнага пакарання. А тым больш, калі суд прыняў рашэнне, што няма даказанасці іх віны. А людзі маглі быць расстраляныя! Гэта мяне вельмі моцна мяне ўразіла і ўзрушыла. Быць юрыстам – недастаткова, каб займацца правамі чалавека, часам юрыдычная адукацыя перашкаджае займацца правамі чалавека. У правах чалавека адбываецца эвалюцыя, і мне здаецца, што я эвалюцыяную разам з правамі чалавека. У мяне адбываецца ўнутраная эвалюцыя.
На фота: Берлін, красавік 2012 года, Андрэй Палуда і Паліна Сцепаненка. Падчас здымкаў дакументальнага фільму. «Убыл по приговору» (гэта стандартная фраза, якой паведамляюць пра тое, што чалавек расстраляны).
– Як і калі пачалася кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”?
– Кампанія пачала актыўна дзейнічаць з 2009 года. Сёлета нашай кампаніі спаўняецца 10 гадоў. Але варта адзначыць яшчэ і тое, што падобнай дзейнасцю Праваабарончы цэнтр “Вясна” пачаў займацца значна раней – з 1998 года. Пра гэта сведчыць “кейс Івана Фаміна”, чалавека, расстралянага за чужую віну, – самы першы выпадак, звязаны са смяротным пакараннем, якім пачаў займацца Праваабарончы цэнтр “Вясна”. А калі мы кажам пра кампанію “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, то яна ўзнікла дзеля таго, каб актывізаваць дзейнасць ў накірунку адмены смяротнага пакарання. Каб атрымаць сінергію ў кампаніі аб’ядналіся Праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт. Міжнародная арганізацыя Amnesty International далучылася да пачатку кампаніі. Прайшло дастаткова шмат часу і можна адзначыць, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” застаецца “лакаматывам” дзейнасці ў гэтым накірунку.
На фота: Вільня, 30 лістапада 2014 года, інтэрнет-акцыя “Гарады за жыццё”.
– Смяротнае пакаранне – страшная з’ява, якую “няма з чым параўнаць, па словах Алега Алкаева, пры ўдзеле якога былі прыведзены ў выкананне 150 прысудаў. Якія задачы найперш вырашаюць ўдзельнікі кампаніі ў гэтай сферы, дзе няма па сутнасці нічога добрага?
– Пытанне смяротнага пакарання – страшнае для ўсіх людзей і для праваабаронцаў таксама. Праваабаронцы – таксама людзі, пра гэта трэба памятаць і разумець. Але ёсць такое меркаванне (і я яго падзяляю), што больш складанага за смяротнае пакаранне, пытання ў галіне правоў не існуе. Гэта сапраўды складанае пытанне. Калі мы кажам пра задачы кампаніі, то адна з першых задач была – актуалізацыя праблемы. Быў час, калі ў Беларусі па 30-40 чалавек за год прыгаворваліся да смяротнага пакарання, але гэта было нікому не цікава. Мы маглі бачыць апісанне гэтых выпадкаў у “жоўтай прэсе”, кшталту газеты “Частный детектив”, дзе на падставе аператыўных зводак МУС пісаліся страшылкі, а напрыканцы дадавалася, што чалавек расстраляны альбо “прыведзены ў выкананне смяротны прысуд”. Таму адной з задач кампаніі была актуалізацыя праблемы, каб пытанне смяротнага пакарання станавілася інфармацыйна цікавым для грамадства і для сродкаў масавай інфармацыі, бо гэта выклікае дыскусію ў грамадстве. І гэта дастатква важна, бо і раней і цяпер прадстаўнікі ўлады звяртаюць увагу на рэферэндум 1996 года і кажуць: “Наша грамадства не гатова, бо большасць выступае за смяротны прысуд”. Яшчэ адна з задач – праца па магчымасці з усімі кейсамі па смяротным пакаранні, бо пытанне смяротнага пакарання знаходзіцца ў нас за завесай скрэтнасці і не ўсе выпадкі праходзяць праз СМІ і праваабаронцаў. І таму адна з задач была зрабіць гэтыя выпадкі больш празрыстымі, каб мы зразумелі: хто гэтыя людзі, за што асуджаныя да смяротнага пакарання.
На фота: 6 ліпеня 2017 года 18 тысяч подпісаў за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі перадалі праваабаронцы ў Адміністрацыю прэзідэнта.
– А якія мэты ставіць кампанія?
– Адна самая галоўная мэта – увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі. Мараторый – першы крок да поўнай адмены. Гэта можа падацца глабальнай мэтай для дасягнення. Мне вельмі часта задаюць пытанне, параўноўваючы Беларусь з ЗША: “У ЗША паміж вынясеннем смяротнага прысуду і яго выкананнем можа быць некалькі дзясяткаў гадоў, можа нам варта змагацца за тое, каб і ў Беларусі такая сітуацыя была? Можа нам варта змагацца за тое, каб трупы расстраляных выдавалі для пахавання сваякам? Каб паведамлялі пра месца пахавання?” Але, каб мы пачалі больш гаварыць пра такія складнікі, гэта дэвальвавала бы ідэю нашай кампаніі. Мне вельмі цяжка сказаць, які чынам можна гуманізаваць смяротнае пакаранне. А мараторый, як першы крок, вырашаў бы і праблемы, пра якія я ўжо сказаў. Таму першы крок – увядзенне мараторыя, а потым – адмена смяротнага пакарання.
– Якія перашкоды ад улады падчас дзейнасці кампаніі?
– Адказ на гэтае пытанне палягае ў сітуацыі правамі чалавека ў нашай краіне. Гэтыя праблемы актуальныя і для нашай кампаніі. Напрыклад, мы доўгі час мелі праблему ў тым, каб зрабіць пікет. Апошняя заяўка была пададзеная ў Віцебску Леанідам Свецікам падчас Тыдня супраць смяротнага пакарання ў 2018 годзе – пікет да Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання 10 кастрычніка. Адмовілі. І прычыны адмовы заўсёды адны і тыя ж – альбо пляцоўка занятая, альбо праблема неакутальная. Праваабаронцы з Гародні Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель былі затрыманыя падчас раздачы буклетаў “Шэсць+1 аргументаў супраць смяротнага пакарання”. Варта згадаць сітуацыю з Аляксандрам Груновым, якая выдатна падкрэслівае адносіны ўлады да праблемы смяротнага пакарання. У адносінах да Аляксандра Грунова (дарэчы, гэта адбылося ўпершыню за час дзейнасці нашай кампаніі) быў адменены смяротны прысуд. Мы працавалі з гэтым кейсам у межах кампаніі. І калі справу накіравалі на перагляд у Гомельскую калегію па крымінальных справаў, прэзідэнт краіны на сустрэчы з Генеральным пракурорам асабіста выказаў сваё меркаванне: “я не разумею, як так адбылося, што гэтаму чалавеку прысуд адмянілі, а гэта ж чалавек, якога не варта, каб зямля насіла”. Вынік быў такі, што Аляксандра Грунова зноў асудзілі да смяротнага пакарання. Падчас разгляду справы ў Вярхоўным судзе Аляксандр Груноў прасіў, каб яго хутчэй расстралялі, бо для яго псіхалагічныя пакуты былі вельмі невыносныя – трэцці раз прыгаворвалі да смяротнага пакарання. Завеса сакрэтнасці вакол смяротнага пакарання – гэта асобная тэма. Мы працуем у межах кампаніі са сваякамі расстраляных і ўвесь час сутыкаемся з завесай сакрэтнасці. Так было, калі мы першымі даведаліся пра расстрэл Паўла Селюна. І мусілі паведаміць маці пра расстрэл сына…
– Як гэта магло атрымацца?
– Была такая сітуацыя, што маці Паўла Селюна сабралася ехаць да яго на сустрэчу. Мы з ёй таксама дамовіліся, што яна прыедзе да нас пасля таго, як сустрэнецца з сынам. Але так атрымалася, што ў той дзень перад маці ў турму пайшла адвакатка. Ёй сказалі: “Убыл по приговору”, што значыць расстралялі. Адвакатка, маладая дзяўчына, была вельмі моцна ўражаная, гэта ў яе быў першы досвед, яна не ведала, як сказаць маці Паўла Селюна. А маці Селюна пакінула ёй мой нумар, як кантакт праваабаронцы. І адвакатка затэлефанавала мне і сказала, што вось такая сітуацыя, што маці Селюна мусіць прыехаць, а сына ўжо расстралялі. І мы мусілі паведаміць маці пра расстрэл, бо калі бы маці з торбай, з перадачай, з ежай прыехала бы пад турэмную браму, было бы яшчэ складаней. Цяжка гаварыць такія рэчы чалавеку наўпрост, але мы, праваабаронцы, вымушаныя былі паведаміць. Так склаліся абставіны, на жаль. Паведамляў я. Эмацыйна гэта было вельмі цяжка.
На фота: 10 кастрычніка 2018 года ў Менску ў літоўскай амбасадзе – завяршаецца Тыдзень супраць смяротнага пакарання.
– Выраз “Убыл по пріговору” – гэта што?
– Гэта спадчына Савецкага Саюза. Гэта выраз, які і зараз выкарыстоўваецца, калі паведамляецца сваякам альбо адвакату, што чалавек расстраляны. Гэта ўсё – спадчына савецкага часу. Не толькі помнікі Леніну, якія паўсюль стаяць, не толькі праблемы месцаў масавых расстрэлаў часоў СССР, гэта і само смяротнае пакаранне і завеса сакрэтнасці вакол яго, выразы, якія выкарыстоўваюцца ў сістэме пакарання. Я сам асабіста не бачыў гэтую інструкцыю, яна для службовага карыстання, пад грыфам сакрэтнасці, там прапісаныя такія рэчы – як паведамляць пра расстрэл і што казаць. Гэтыя інструкцыі былі адмыслова зробленыя за савецкім часам, каб не паказваць маштабаў рэпрэсій. Згодна з законам, рэпрэсіі праз расстрэл, праз стрэл у патыліцу ажыццяўляліся. І да нашага часу гэтая савецкая спадчына засталася.
– Вам даводзілася хадзіць са свакаямі шукаць магілы расстраляных?
– Цела расстралянага ў Беларусі не выдаецца для пахавання сваякам. Так даводзілася хадзіць і шукаць… Але ў мяне было рацыянальнае разуменне, што ні на якіх могілках мы не знойдзем гэтыя пахаванні. Таму што ёсць адмыслова вызначаныя месцы для пахаванняў. Пра гэта казаў Алег Алкаеў, падчас нашай паездкі ў Берлін. Адмысловыя месцы для пахавання расстраляных існуюць у тым ліку дзеля кантролю. Сістэма мусіць сама сябе кантраляваць. І, калі ўзнікнуць пытанні, ці быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд, то могуць рабіць эксгумацыю. Не думаю, што расстраляных хаваюць, як пра тое ходзяць чуткі, на Паўночных могілках, дзе хаваюць незапатрабаваныя парэшткі – тых, каго не забралі сваякі ці тых, каго няма каму пахаваць. Але былі выпадкі, асабліва раней, калі маці расстраляных ў спадзеве спрабавалі на Паўночных могілках шукаць магілы сыноў. Для іх важна знайсці месца, куды можна прыйсці і аплакаць. Аляксандра Якавіцкая, дачка расстралянага Генадзя Якавіцкага, едзіла летам 2018 года на Паўночныя могілкі, яна спрабавала ўдакланіць, куды прывозяць незапатрабаваныя целы. Зразумела, што нічога яна не знайшла. І немагчымасць атрымаць інфармацыю і невыдача цел, – гэта перашкоды той сістэмы, якая склалася ў краіне і грунтуецца на савецкай спадчыне.
– Якія Вы бачыце перспектывы?
– Мне здаецца, што не так шмат засталося да таго часу, калі смяротнае пакаранне ў Беларусі адменяць. Але ўсё адно застануца людзі, якія будуць падтрымліваць смяротнае пакаранне і будуць вельмі эмацыйна выказвацца. І гэта зразумела, бо пытанне палягае ў эмацыйнай плоскасці і часта актуалізуецца, калі ёсць рэзанансныя справы. Ёсць выказванні ў адносінах мяне і маіх калег падчас абмеркавання тэмы на інтэрнет-форумах: мы “займаемся не той справай”, мы “абарняем забойцаў”. Гэтага дастакова шмат можна пачуць і пачытаць у каментарах. Увогуле вельмі часта пытанні правоў чалавека бываюць не папулярныя і не модныя. Якую бы тэматыку вострую ў галіне правоў чалавека мы бы ні ўзялі, то па каментарах можна пабачыць, што тэмы гэтыя непапулярныя і можа быць будуць такімі яшчэ некалькі гадоў ці дзясяцігоддзяў, бо не ўпісваюцца ў традыцыі нашага грамадства. Падчас дыскусій па смяротным пакаранні часта кажуць: “А вось прымерце на сябе. А вось каб, вашых сваякоў так жорстка…. Забілі?”. А я кажу: “А давайце Вы прымерыце на сябе пытанне судовай памылкі. Проста падумайце, проста прысядзьце і падумайце, вазьміце больш інфармацыі, чым вы валодаеце. Паразважайце рацыянальна, не эмацыйна, і Вы зразумееце, што смяротнае пакаранне нашай краіне і Вам асабіста непатрэбнае”.
Беларускае Радыё Рацыя