Андрэй Палуда пракаментаваў апошнія смяротныя прысуды ў Беларусі



Калі так званыя «чорныя рыэлтары» Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны, якія з мэтай завалодання жыллём выкрадалі і забівалі людзей, яшчэ могуць абскардзіць свае прысуды, то жыхар Мазыра Кірыл Казачок і Аляксей Міхаленя з Нароўлі прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі. «Фактычна іх прысуд можа быць прыведзены ў выкананне ў любую хвіліну», – кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

Іх лёс у найбольшай ступені мяне турбуе якраз у гэты час. Усе неабходныя і магчымыя працэсы абскарджання яны ўжо прайшлі. Мы ніколі не можам даведацца, калі будзе прыведзены ў выкананне смяротны прысуд. Гэтым людзям паведамляюць пра гэта літаральна перад самым выкананнем прысуду. У прынцыпе, у іх не застаецца шанцаў на абскарджанне.

Аляксей Міхаленя быў прызнаны вінаватым у наўмысным пазбаўленні жыцця двух асобаў: брата і сястры, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю. 39-гадовы жыхар горада Мазыра Кірыл Казачок атрымаў смяротнае пакаранне за забойства сваіх дзяцей – 17 гадовага сына і дзевяцігадовай дачкі. Пра тое, што ў памілаванні з боку прэзідэнта было адмоўлена, сваякі пакаранага даведваюцца толькі пасля выкання прысуду. А вось цела пакаранага і месцазнаходжанне пахавання ім не паведамляюць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя