Андрэй Палуда: Прасвету не відаць
«Сітуацыя з адменай смяротнага пакарання знаходзіцца ў ранейшым стане», — кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.
У Беларусі выкананы яшчэ адзін смяротны прысуд. Паводле звестак праваабаронцаў, расстраляны жыхар Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці Іван Кулеш, пра прывядзенне прысуду стала вядома ад блізкіх асуджанага да вышэйшай меры. Меркаваная дата прывядзення прысуду — 5 лістапада.
Гэта ўжо другі смяротны прысуд у Беларусі, прыведзены ў выкананне ў 2016 годзе. У маі стала вядома пра пакаранне смерцю жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, які быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны.
Андрэй Палуда: У пытанні ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, як мы бачым, ніякага прасвету не відаць. Складаецца ўражанне, што сістэма, як працавала, так яна і працуе. І, калі мы кажам пра Івана Куляша, то ў яго тэрміны па вынесенаму прысуду, што называецца, падыходзілі, і сістэма зноўку не дала збою. Безумоўна, у нас былі спадзяванні, але ж трэба адзначыць, што і сам Кулеш не захацеў абскарджваць прысуд.
РР: Сёлета ў Менску праходзіла міжнародная канферэнцыя па праблеме смяротнага пакарання…
Андрэй Палуда: Так, на канферэнцыі гучалі словы, што праблема ёсць і яе трэба вырашаць, а ўжо праз два месяцы пасля гэтага мерапрыемства ў Беларусі расстралялі Сяргея Іванова. Але мы, праваабаронцы, асабліва і не спадзяваліся, што нават пасля канферэнцыі нешта зменіцца ў гэтым накірунку. Было і раней шмат такіх дыскусій, але ўсё гэта – размовы дзеля размоў. Дарэчы, нам нават не дазволілі браць удзел у той канферэнцыі. Тыя еўрачыноўнікі, якія прыязджалі ў Менск, яны з’ехалі, а мы засталіся са сваімі праблемамі. Яркае пацвярджэнне гэтаму – расстрэлы Іванова і Куляша.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя