Андрэй Палуда: Расстрэл праблемы не вырашае
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда распавядае, ці атрымала маральнае задавальненне беларускае грамадства, калі расстралялі Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх суд прызнаў вінаватымі ў тэракце ў менскім метро 11 красавіка 2011 году.
Андрэй Палуда: Я дакладна не магу сказаць, ці атрымалі беларусы задавальненне пасля расстрэлу Кавалёва і Канавалава, але тое, што ў грамадства ўзнікла шмат пытанняў да гэтай справы, да судовага працэсу, — гэта адназначна. Пасля таго, як вышэйшую меру пакарання прывялі ў выкананне, з’явіліся новыя пытанні, а адказы, здаецца, не знайшлі да гэтага часу. А што датычыцца, як кажуць, сатысфакцыі па рознага кшталту рэзанансных справах з жорсткімі забойствамі, дык не думаю, што беларусы атрымліваюць маральнае задавальненне. Магчыма, блізкім загінулых ад гэтага лягчэй, але і гэта не факт
РР: Я гутарыў з бацькам аднаго хлопца, які загінуў пяць гадоў таму ў метро і той сказаў так: «Нікому ад таго, што расстралялі Кавалёва і Канавалава лягчэй не стала. Ні мне, як бацьку, які страціў сына, ні бацькам асуджаных да вышэйшай меры, якія таксама страцілі дзяцей».
— Гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што сёння многія людзі выступаюць супраць смяротнага пакарання. Жорсткасць параджае жорсткасць. Я нярэдка кантактую з блізкімі ахвяраў і разумею, што ў людзей ёсць эмоцыі, якім некаторыя даюць хаду. Маўляў, калі чалавек некага пазбавіў жыцця, дык і сваё павінен аддаць. Але ж мы разумеем з цягам часу, што гэта ніяк не ўплывае на ваш маральны стан. Расстрэл праблемы наогул не вырашае.
РР: Ці гучыць зараз тэма ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі ў дыялогах еўрачыноўнікаў, які сустракаюцца з прадстаўнікамі беларускай улады?
Андрэй Палуда: У апошні час усё больш ідзе размоваў, што праблему смяротнага пакарання ў Беларусі нейкім чынам трэба вырашаць. У тым ліку, і з боку дзяржавы. Але казаць пра тое, што сёння ці заўтра ўвядуць мараторый, на мой погляд, не выпадае. Улады любяць прыгожа і шмат гаварыць, але, калі даходзіць да справы, на гэтым усё і заканчваецца альбо ідзе значна марудней, чым хацелася б. Хоць трэба прызнацца – пэўныя зрухі ў гэтым накірунку ёсць. Паглядзім, чым усё закончыцца на гэты раз.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя