Андрэй Палуда: складана штосьці казаць і прагназаваць
У Вярхоўным судзе на 15 снежня прызначаны разгляд апеляцыйных скаргаў Сямёна Беражнова і Ігара Гершанкова, якія асуджаныя да смяротнага пакарання. Пра гэта каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэю Палудзе паведамілі сваякі асуджаных.
– Вельмі складана, з аднага боку, прагназаваць і казаць, якія перспектывы. З іншага боку, канешне, мы заўсёды спадзяемся і верым, што калі будуць непрацэсуальныя парушэнні іх правоў, што справа можа быць накіравана на перагляд, хаця такая практыка, якая існуе ў нашых судах, прынамсі калі мы кажам пра смяротнае пакаранне, то насамрэч перспектывы вельмі туманныя. За час нашай кампаніі супраць смяротнага пакарання ведаем толькі адзін выпадак з Аляксандрам Гурновым калі смяротнае пакаранне было адмененае і справа была накіраваная на новы перагляд.
Па звестках праваабаронцаў, у Менскім СІЗА №1 зараз чакаюць выкананьня прысуду жыхар Мазыра Кірыл Казачок і жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя. Ад пачатку года адзін прысуд быў прыведзены ў выкананне. Гамяльчанін Сяргей Вострыкаў, скаргу якога Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, расстраляны ў другой палове красавіка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя