Андрэй Палуда: Смяротная кара мусіць стаць часткай гісторыі
Наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі застаецца актуальнай праблемай для грамадства. Цяпер тэма смяротнага пакарання абмяркоўваецца ўсё часцей на розных роўнях, хоць аргументы “за” і “супраць” – даўно вядомыя. Калі ўздымаецца тэма смяротнага пакарання, ускіпаюць гарачыя спрэчкі. І кожны прыводзіць свае старыя, як гэты свет, аргументы – “за” і “супраць”.
З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”? На гэта пытанне адказае Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі: “Вельмі складаная частка кампаніі – праца ў юрыдычным кірунку. Складана, калі прэзідэнт краіны асабіста за смяротнае пакаранне і вельмі часта выказвае гэта меркаванне публічна. Вельмі добры прыклад у звязку з гэтым – сітуацыя з Аляксандрам Груновым. Калі мы ў межах нашай кампаніі працавалі з гэтым кейсам, калі Вярхоўны суд пры разглядзе адмяніў быў рашэнне Калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда, і пасля гэтага прэзідэнт на сустрэчы з Генеральным пракурорам сказаў, што гэтага чалавека не мусіць “насіць зямля”, бо ён здзейсніў жорсткае злачынства. Мне падаецца, што гэта прыклад моцнага ціску на суд. Усё ж такі кіраўнік краіны вельмі моцна ўплывае на ўсе працэсы ў нашай краіне. Гэта сапраўды так. І сама галоўнае, што судзейскі корпус у нашай краіне прызначаецца прэзідэнтам. Як вынік – яшчэ адно паседжанне Гомельскага абласнога суда – смяротны прысуд. Потым зноў разгляд у Вярхоўным судзе, дзе прысуд Гомельскага абласнога суда быў зацверджаны. І на сённяшні дзень Аляксандр Груноў расстраляны. Мне падаецца, што гэта дастатова яскравы прыклад таго, наколькі складана працаваць у юрыдычным кантэксце, у юрыдычным кірунку ў межах нашай кампаніі. Тым не менш мы не губляем надзеі і працягваем працаваць. І я думаю, што яшчэ адзін вельмі яскравы прыклад таго, як складана працаваць на міжнародным роўні, гэта тое, што, нягледзячы на некалькі, а ў нас іх ужо восем, пададзеных справаў у Камітэт ААН па правах чалавека, ні аднаго разу Беларусь не прыслухалася да Камітэту ААН пра правах чалавека. І гэта таксама яскравы прыклад. Смяротнае пакаранне ў 21-ым стагоддзі – гэта варварства. Прыйшоў час, каб яно сыйшло ў мінулае, каб яно стала часткай гісторыі. Няхай не самай пазітыўнай яе часткай, але усё ж такі часткай гісторыі”.
І яшчэ прыхільнікам выкарыстання смяротнага пакарання, варта памятаць, што кара можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаныя ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя