Андрэй Палуда: Я супраць рэферэндуму за адмену смяротнага пакарання



Круглы стол «Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання» прайшоў у Менску з удзелам беларускіх праваабаронцаў і парламентарыяў ды еўрапейскіх экспертаў.

Вынікі круглага стала наўрад ці прынясуць прарыў у вырашэнні гэтай праблемы, – мяркуе каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

– Маем цяжкі і складаны досвед. У 2016 годзе напярэдадні падобнага мерапрыемства было расстраляна 3 чалавекі за адну ноч. А за паўгода да гэтага пасля такога мерапрыемства быў расстраляны Сяргей Іваноў, тыдні два пасля таго, як гэтае мерапрыемства адбылося.

У Беларусі можа быць праведзены паўторны рэферэндум па адмене смяротнага пакарання. Пра гэта заявіў па выніках круглага стала старшыня пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Нацыянальнага сходу Беларусі, кіраўнік рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Андрэй Навумовіч. «Раней Канстытуцыйны суд у асобе былога старшыні Рыгора Васілевіча, які таксама прысутнічаў на круглым стале, заяўляў, што для адмены смяротнага пакарання дастаткова подпіса прэзідэнта альбо рашэння парламента», – нагадвае Андрэй Палуда, які выступае супраць рэферэндума па гэтым пытанні.

– Мая асабістая пазіцыя: я кажу не, па такім пытанні рэферэндум наогул не мусіць праводзіцца, таму што па вялікім рахунку ні ў адной краіне не праводзіўся плебісцыт па адмене смяротнага пакарання, заўсёды была палітычная воля правячых лідараў. Нагадаю таксама, што ў Беларусі не па ўсіх пытаннях раяцца. Ніхто не пытаўся і пра вядомы дэкрэт аб дармаедстве, ніхто не пытаўся пра трохразовую дэвальвацыю беларускага рубля. Хаця для людзей гэта важныя пытанні таксама.

У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла, што „грамадскую думку важна ўлічваць пры абмеркаванні дадзенага пытання. Моцныя лідары — гэта не заўсёды тыя, хто ідуць за грамадскім меркаваннем, а тыя, хто вядуць за сабой меркаванне грамадства. Асабліва па такіх адчувальных пытаннях, як смяротнае пакаранне”. Віктарын таксама адзначыла, што ў ЕЗ адчуваюць расчараванне кожны раз, калі даведваюцца аб вынясенні новага смяротнага прысуду ў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя