Андрэй Паротнікаў пракаментаваў сітуацыю ў «справе БелТА»



Запалохванне журналістаў ці помста за іх прафесійную дзейнасць такія падставы могуць быць у крымінальнай справы, якая пачата ў дачыненні да супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала TUT.BY, лічыць кіраўнік і стваральнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Свае меркаванні ён выказаў у размове з журналістам нашага радыё Генадзем Барбарычам.

РР: Журналісцкая супольнасць шакавана новай крымінальнай справай у дачыненні да самых вядомых у Беларусі незалежных СМІ: агенцтва навінаў БелаПАН і партал TUT.BY. Справу пачаў Следчы камітэт па ч.2 арт.349 за несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі. Журналістаў і дырэктараў БелаПАН і TUT.BY абвінавацілі ў тым, быццам бы яны кралі нейкія навіны, звесткі з інфармацыйнай стужкі БелТА, а заяву нібыта напісала дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч. Што вы як былы следчы можаце сказаць пра такія абвінавачванні, тым больш што затрымалі людзей – 5 чалавек пад вартай?

Андрэй Паротнікаў: Сітуацыя насамрэч вельмі дзіўная. Калі зыходзіць з таго, што вядома на дадзены момант, то атрымліваецца, што шэраг журналістаў вядучых і найбуйнейшых інфармацыйных рэсурсаў краіны БелаПАН і TUT.BY, карыстаючыся незаконна атрыманым паролем, атрымлівалі доступ да базы дадзеных дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА і незаконна карысталіся гэтай інфармацыяй. А зараз давайце думаць лагічна.

І БелаПАН, і TUT.BY найбуйнейшыя недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі. Кошт платнай падпіскі БелТА без абмежаванняў, якая дазваляе карыстацца ўсёй базай дадзеных агенцтва, каля 550 рублёў на месяц, або менш за 300 даляраў. Атрымліваецца так: ні БелаПАН, ні TUT.BY не маюць 300 даляраў, каб набыць гэтую падпіску. Гэта вельмі дзіўна.

Іншая рэч: незаконна атрымаць доступ да лагіна і пароля сумленнага карыстальніка, зыходзячы з таго, што вядома, абвінавачаныя змаглі нейкім крымінальным шляхам – то бок гэтыя лагін і пароль былі скрадзеныя. А цяпер давайце падумаем, колькі можа каштаваць такая паслуга? Ці не прасцей было купіць гэты доступ. Гэта другая недарэчнасць, на якую я б звярнуў увагу.

Трэці момант – вельмі дзіўная і смешная сітуацыя: гэта тое, што ёсць жа і трэці крымінальнік, умоўна кажучы, – беларуская дзяржаўная газета “Навука”. Я, у прынцыпе, упершыню даведаўся, што такая газета існуе. Было б цікава пабачыць, колькі ў яе рэальных падпісчыкаў, бо я падазраю, што ў асноўным гэта бібліятэкі. Тым больш дзіўна, навошта дзяржаўнай газеце, журналістам дзяржаўнай газеты спатрэбілася красці паролі ад базы доступу дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва. Таму сітуацыя вельмі слізка выглядае, з вельмі кепскім пахам.

TUT.BY і БелаПАН вядомыя не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Безумоўна, затрыманне журналістаў, ператрусы, вобшукі ў рэдакцыях, канфіскацыя тэхнікі выклічуць вельмі негатыўную рэакцыю. Навошта гэта беларускім уладам?

Вы ведаеце, тут ёсць дзве версіі. Версія першая, што гэта акцыя па запужванні ўсёй журналісцкай супольнасці, якая ёсць. Не толькі, можа быць, нават журналісцкай, а якая займаецца распаўсюдам палітычна значнай інфармацыі. Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, і мне здаецца, што гэта спроба загнаць у нейкае стойла дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Тым больш, хачу ўзгадаць, што за 2017 год адміністрацыйных штрафаў і прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў недзяржаўных СМІ было ў тры разы болей, у параўнанні з мінулымі гадамі. То бок толькі за 2017 год журналістаў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці больш, чым за тры папярэднія гады. За першае паўгоддзе гэтага года той жа “Белсат” ужо паставіў своеасаблівы рэкорд па штрафах. Мне здаецца, што гэта перш за ўсё акцыя па запужванні. Тое, што сюды трапіла дзяржаўная газета “Навука”, – гэта проста маскіровачны крок, які павінен прадэманстраваць, што яны палююць не на недзяржаўныя СМІ, а вось на такіх рэальных крымінальнікаў, парушальнікаў закона. Другі момант вельмі важны, які мы, у прынцыпе, таксама не павінны скідваць з рахункаў, – гэта тое, што гэта можа быць канкрэтная помста за нейкую інфармацыйную палітыку, якая праводзілася гэтымі сродкамі масавай інфармацыі.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск