Андрэй Прыстаўка атрымаў пералом падчас затрымання



У берасцейскага праграміста і ўдзельніка пратэстаў супраць вынікаў выбараў можна назіраць накладзены на левай руцэ гіпс.

Вось што кажа сам Андрэй Прыстаўка на гэты конт:

–  Калі мяне гэтым разам затрымалі ў Менску, то мяне  ў бусе збівалі дубінкай, і ў тым  ліку  вось пералом шлэйнага  адростку локцевай косткі  апынулася. Магчыма АМАП, але яне магу  сцвярджаць, у чорным камуфляжы. Падчас збіцця, я  думаю, што  ў мяне яшчэ і страсенне  мозгу  было, таму я вельмі цьмяна памятаю. Памятаю, што  мяне білі, тым больш я ляжаў  тварам у падлогу,  мне не дазвалялі   глядзець на супрацоўнікаў. І  я выключаўся кожную вольную хвіліну,  мозг так страхуецца, я чуў,  што падчас страсення некаторыя моманты сціраюцца з памяці. Мяне адзін раз агледзеў фельчар у Жодзіна, які рэкамендаваў зрабіць здымак.  Але гэтую рэкамендацыю праігнаравалі ўсе тыя, хто мог.  Ніхто ніяк не адрэагаваў на гэтую рэкамендацыю.  І калі  я выйшаў на волю,  пайшоў у  траўмапункт, там мне  дыягнаставалі  пералом.

Ці звяртацца з заявамі ў адпаведныя органы, Андрэй Прыстаўка пакуль дакладна не вырашыў, бо непакоіцца пра тое, што за такое могуць прыцягнуць да чаго яшчэ. У суме за ўдзел у акцыях супраць вынікаў выбараў праграміст ужо 6 разоў затрымліваўся, быў аштрафаваны на 60 базавых велічыняў штрафу і «адсядзеў» 39 сутак. Таксама вядома, што падчас апошняй «адсідкі» яму даслалі чарговую позву ў суд, які ўжо мусіў адбыцца.

 Беларускае Радыё Рацыя

Фота  са старонкі  Андрэя Прыстаўкі ў  vk.com