Андрэй Прыстаўка праходзіць па крымінальнай справе
Берасцейскі праграміст Андрэй Прыстаўка праходзіць у якасці сведкі па адной з крымінальных справаў. У яго канфіскавалі тэхніку, выклікалі ў следчы камітэт ды змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання. Прад’яўляецца частка 1 артыкул 342 крымінальнага кодэкса за ўдзел у Дзядах у Менску.
Распавёў сам грамадскі дзеяч:
– Я сядзеў дома і працаваў, я працую аддалена. Яны пагрукаліся ў дзверы, я адкрыў, а там – два міліцыянты. Вось так мяне і затрымалі. Мяне папрасілі прайсці ў гарадскі аддзел міліцыі, тут ён зусім недалёка ад мяне. І я запытаўся, на якой падставе. Яны адказалі, што супраць мяне заведзеная крымінальная справа па артыкуле 342 і там мне ўсё растлумачаць.
Праграміст Андрэй Прыстаўка вядомы сваёй бел-чырвона-белай прычоскай, а таксама тым, што не прапускае амаль што ніводнага масавага мерапрыемства як у абласным цэнтры, так і ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце