Андрэй Шарэнда затрыманы па новым пратаколе
Змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця мясцовы актывіст „Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Шарэнда затрыманы па новым пратаколе, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
Ён нагадаў, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі Шарэнду ўвечары 29 снежня каля пад’езда дома, дзе той жыве. Актывіста даставілі ў Ленінскі РАУС і змясцілі ў ІЧУ райаддзела міліцыі. У ІЧУ жонцы Шарэнды сказалі, што падставай для яго затрымання стала правапарушэнне па арт. 23.34 КоАП.
„1 студзеня прыкладна ў 20.30 Андрэя Шарэнду павінны былі вызваліць з ІЧУ пасля заканчэння 72 гадзін з моманту фактычнага затрымання. Калі актывіст не выйшаў на волю, тыя, хто прыйшоў яго сустракаць, патэлефанавалі ў ізалятар, дзе ім паведамілі: Шарэнда затрыманы яшчэ на 72 гадзіны па новым пратаколе, — дапоўніў праваабаронца. — Такім чынам мясцовая міліцыя дэманструе свайму начальству, што яна змагаецца з пратэстамі на вуліцах рэгіёну. У выхадныя суды не працуюць, і міліцыя „намалявала” Шарэнду яшчэ адзін пратакол, каб ён усе гэтыя дні сядзеў пад вартай”.
Шарэнду ўжо неаднаразова судзілі за ўдзел у акцыі прыхільнікаў перамен і прыгаворвалі да адміністратыўнага арышту.