Андрэй Стрыжак: І пасля канікул сын у школу не пойдзе
Гомельскі праваабаронца Андрэй Стрыжак распавядае, ці патрэбны каранцін у навучальных установах і краіне.
Андрэй Стрыжак: Я заклікаў падпісаць петыцыю за тое, каб быў уведзены абавязковы карацін для ўсіх навучальных устаноў. Я разумею, што дзеці хварэюць альбо ў лёгкай форме, альбо зусім не хварэюць. Пры гэтым яны могуць пераносіць інфекцыю. Калі іх збіраць у школах і дзіцячых садках, то дзеці затым прыйдуць дадому, і гэта вельмі вялікая рызыка для сталых людзей, якія нярэдка жывуць разам з унукамі і ўнучкамі.
Калі дзяцей ізаляваць адзін ад аднаго, то можна будзе хутчэй прайсці пік эпідэміі і зрабіць меншай нагрузку на медыцынскую сістэму.
РР: А якое ваша стаўленне да таго, каб увесці агульны каранцін у краіне?
Андрэй Стрыжак: Пакуль няма з гэтай нагоды дакладнай пазіцыі, бо я разумею, наколькі гэта можа быць шкодна для эканомікі. Тут насамрэч, як мне падаецца, трэба ўзважваць усе “за” і “супраць”.
РР: Самі вы якія меры бяспекі прымаеце?
Андрэй Стрыжак: Я яшчэ з 16 сакавіка знаходжуся на самаізаляцыі. Стараюся не выходзіць на вуліцу без асаблівай патрэбы, краму наведваю адзін раз у некалькі дзён. Нашу маску ў публічных месцах і заклікаю ўсіх, каб пры магчымасці заставаліся дома.
Мая сям’я – жонка з малодшым сынам, а таксама бацькі – знаходзяцца на лецішчы з 15 сакавіка, і, такім чынам, таксама самаізаляваліся.
Дарэчы, свайго сына я зняў са школьных заняткаў яшчэ 9 сакавіка. Мы з ім працавалі па школьнай праграме дома. Канікулы працягнуты да наступнага панядзелка, але, калі скажуць ісці ў школу, то я сына ў любым выпадку пакіну дома. Будзем займацца дыстанцыйна, рызыкаваць не мае сэнсу.
Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя