Андрэй Стрыжак: Ініцыятары ціску пераследуюць некалькі мэтаў



У Беларусі працягваецца пераслед актывістаў прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. У апошнія дні праз допыты прайшло больш за сотню сябраў арганізацыі.

Прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак мяркуе, што ініцыятары ціску пераследуюць некалькі мэтаў:

– Я магу вылучыць дзве мэты. Па-першае, гэта шырокі збор інфармацыі пра арганізацыю. Па-другое, гэта ціск, гэта ўздзеянне на псіхалагічны стан людзей, якія нічога дрэннага не рабілі, а іх пачынаюць выклікаць да следчага. Канешне, яны нервуюцца, і частка людзей, я так думаю, спыніць сваё сяброўства ў нашым прафсаюзе.

Выклікі чальцоў прафсаюза РЭП на допыты ў Следчы камітэт адбываюцца на падставе крымінальнай справы, заведзенай паводле 2-й часткі артыкула 243 Крымінальнага Кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). У пачатку жніўня 2017 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў правёў вобшукі на офісе прафсаюза РЭП, а таксама на кватэрах кіраўнікоў арганізацыі — Генадзя Федыніча і Ігара Комліка. Потым было заяўлена пра адкрыццё крымінальнай справы па факце ўхілення ад выплаты падаткаў. Бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік правёў каля 2 месяцаў за кратамі, пасля чаго выйшаў на волю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель