Андрэй Стрыжак: Кампанія BY_help працягвае збіраць сродкі
Збор сродкаў на дапамогу рэпрэсаваным удзельнікам акцый у падтрымку незалежнасці Беларусі працягваецца. Паводле інфармацыі актывістаў кампаніі BY_help, намаганнямі ахвярадаўцаў была перакрочаная рыса ў 20 тысяч даляраў ЗША.
Адзін з ініцыятараў кампаніі салідарнасці Андрэй Стрыжак заўважае, што агульная сума штрафаў складае каля 50 тысяч даляраў ЗША.
– Казаць пра рэкорд, але хіба ў 2017 было ўсё такі больш на 25 сакавіка. Але ж усё роўна гэта велізарная сума, улічваючы тое, што некаторыя ўдзельнікі, напрыклад, якія ўдзельнічалі ў двух акцыях адразу, атрымалі па 50 базавых. Гэта 100 базавых. Гэта 2700 рублёў. 1350 даляраў за тое, што чалавек выйшаў двойчы, выказаў сваё меркаванне пра інтэграцыйныя працэсы з Расеяй.
У Беларусі тым часам працягваюцца суды над актывістамі, якія ўдзельнічалі ў акцыях за незалежнасць па ўсёй краіне. На чарзе – марафон судовых пасяджэнняў над жыхарамі Віцебска і Полацка, якія ў пачатку студзеня ў сваіх гарадах ладзілі акцыі ў падтрымку дзяржсуверэнітэту Беларусі. Дагэтуль за кратамі застаецца блогер з Оршы Дзмітрый Казлоў, які вядзе ютуб-канал “Шэры кот”.
Беларускае Радыё Рацыя