Андрэй Стрыжак: Кожны можа трапіць пад раздачу



“Беларусь не можа гарантаваць бяспеку валанцёрам і байцам антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны”, – кажа гомельскі праваабаронца, валанцёр ініцыятывы “Гуманітарны маршрут “Беларусь-АТА” Андрэй Стрыжак.

У доказ сваіх словаў Андрэй Стрыжак прыводзіць сітуацыю з жыхаром Кіева Паўлам Грыбам. Маладзён паехаў у Гомель і адтуль не вярнуўся. Сваякі Паўла Грыба сцвярджаюць, што яго выкралі расейскія спецслужбы. Гомельскі праваабаронца Андрэй Стрыжак заклікае ўкраінцаў узважыць сваё рашэнне наведаць Беларусь:

– Усім сваім калегам, знаёмым, якія мелі ці маюць дачыненне да АТА, служылі ў войску, з’яўляюцца валанцёрамі альбо працуюць на праваабарончай глебе, я заўсёды кажу, што трэба ўзважваць усе рызыкі, якія нясе за сабой наведванне Беларусі. На жаль наша краіна не можа на 100% гарантаваць бяспеку гэтым людзям. Я б не сказаў, што Павел Грыб гэта нейкая цэнтравая фігура, за якой можа быць палюе ФСБ. Хутчэй гэта выглядае на тое, што яны ўзяліся за такога чалавека, каб паказаць, што кожны можа трапіць пад раздачу.

Сваякі Паўла Грыба дагэтуль не маюць афіцыйнай інфармацыі пра ягонае месцазнаходжанне. Паводле чутак, ён можа знаходзіцца пад вартай у Краснадарскім краі на тэрыторыі Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель