Андрэй Стрыжак: Машына будзе перададзена для палявога шпіталя на Данеччыне
Беларуска-украінская група валанцёраў забяспечыла Добраахвотніцкі мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова другім аўтамабілем. Машына, як заяўляюць ініцыятары акцыі, пасля невялічкага рамонту адправіцца ў зону антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны, дзе будзе служыць у складзе хірургічнага падраздзялення. Гамяльчук Андрэй Стрыжак спрычыніўся да арганізацыі збору сродкаў у Беларусі:
– Машына каштуе 3 тысячы даляраў. Паўтары з іх мы сабралі з людзей, паўтары тысячы нам дае ананімны донар, які проста сказаў, хлопцы, я ў вас веру, калі збярэце паўтары, то я даю яшчэ паўтары зверху. Гэтая машына будзе перададзена для першага дабравольчага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова, які базуецца ў Данецкай вобласці і абслугоўвае даволі вялікую колькасць людзей – як цывільных, так і вайсковых. А таксама палонных сепаратыстаў, калі яны трапляюць у палон. Яны займаюцца лячэннем людзей на высокім узроўні, але кажуць, аўтатэхнікі ім бракуе.
Дастаўкай аўтамабіля для ўкраінскіх медыкаў займалася валанцёрская ініцыятыва „Гуманітарны маршрут „Беларусь-АТА”. У пачатку траўня валанцёры перадалі ў распараджэнне палявога шпіталя рэанімабіль, на пакупку якога збіралі грошы беларускія грамадзяне і замежнікі.
Беларускае Радыё Рацыя