Андрэй Стрыжак: Мы моцныя, калі мы разам!



На дапамогу рэпрэсаваным і іх сем’ям сабрана 55 тысяч даляраў, паведаміў у нашым эфіры адзін з каардынатараў кампаніі BY_help Андрэй Стрыжак.

Цягам двух месяцаў актывісты збіралі сродкі для арыштаваных і рэпрэсаваных, а цяпер апублікавалі выніковую справаздачу пра адрасную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў гэтай вясны і іх сем’ям. „Мы моцныя, калі мы разам!”, – як кажа Андрэй Стрыжак, такі слоган сфармаваўся падчас збору сродкаў.

РР: Сабраныя сродкі – гэта паказчык беларускай салідарнасці?

Андрэй СтрыжакЯ думаю, што самы галоўны паказчык беларускай салідарнасці – гэта тое, што мы навучыліся рабіць гэтыя рэчы не горш за нашых суседзяў з поўдня, якіх нам увесь час ставяць у прыклад, што вось украінцы здолелі аб’яднацца, могуць збіраць грошы на тыя патрэбы, якія ў іх ёсць. Кампанія BY_help паказала, што мы не чым не горшыя, мы можам рабіць тое ж самае, і гэтыя 55 тысяч безумоўна гэта паказчык беларускай салідарнасці.

РР: Толькі два месяцы і 55 тыс. даляраў – гэта вельмі добры, мне здаецца, паказчык.

Андрэй Стрыжак: Гэта даволі імклівы збор сродкаў, які можна параўнаць са зборамі сродкаў, якія адбываліся ў пікавыя моманты Еўрамайдана, у пікавыя моманты вайны ў Данбасе. Можна сказаць пра тое, што асноўная маса грошай прыйшла нават не за два месяцы, а за адзін месяц. Гэта быў час, калі нашай камандзе: Аляксею Лявончыку, Юліі Дарашкевіч і мне, прыходзілася працаваць па васямнаццаць гадзін на трох штодзённа, каб аптымізаваць усе гэтыя працэсы, каб гэтыя высілкі ішлі ў адпаведным накірунку. Гэта вельмі моцная нагрузка з боку арганізацыйнага працэсу і з боку дамоўленасці з рознымі людзьмі. Як вы ведаеце каля тысячы чалавек, калі палічыць колькасць рэпрэсаваных у Беларусі ў 2017 годзе – гэта штрафы, затрыманні і крымінальны пераслед.

РР: Большасць сродкаў, каля 18 тысяч даляраў, пайшло на дапамогу: аплату сутак, адвакатаў, перадач?

Андрэй Стрыжак: Я на жаль не маю пры сабе гэтых папераў і не памятаю дакладных лічбаў, але падобна на тое, што так. Галоўная дапамога, якая пайшла, трэба адразу адзначыць, што вельмі шмат ідзе на адвакатаў. Шмат хто задаецца пытіаннем, чаму ж беларускія адвакаты, безумоўна, сярод іх ёсць і прыхільнікі, скажам так, дэмакратычных каштоўнасцяў, не робяць сваю працу задарма. Справа ў тым, што адвакаты ў нас вельмі моцна абмежаваныя, вельмі моцныя рэпрэсіі ў дачыненні да іх былі, напрыклад, пасля Плошчы-2010. Зараз сітуацыя такая, што калі адвакат будзе працаваць бясплатна, то на заўтра да яго прыйдзе падатковая і скажа, што ён ухіляецца ад падаткаў. Таму гэтыя сумы так ці інакш усё роўна трэба было сплачваць.

РР: Вось, напрыклад, Ніна Багінская аштрафаваная агулам на 18 тысяч беларускіх рублёў. У такой сітуацыі што зрабіць, як дапамагчы? Я ведаю, што яна не вельмі хоча, каб ёй дапамагалі, бо гэта яе прынцыповая пазіцыя. Але з такімі штрафамі таксама нешта трэба рабіць, бо гэта вельмі вялікая сума.

Андрэй СтрыжакГэта вельмі складанае пытанне, яно ўвесь час уздымаецца ў нашым грамадстве і ў праваабарончай сферы. Што рабіць з людзьмі, якія свядома не плацяць штрафы? Людзі маюць права на свае грамадзянскія правы, на свабоду мірных сходаў, на свабоду выражэння думкі. Яны выкарыстоўваюць гэтыя правы, выкарыстоўваюць магчымасць выходзіць на вуліцу з нацыянальным сцягам, выказвацца на тэму сітуацыі ў Беларусі. Што рабіць з такімі людзьмі, якія не хочуць сплачваць гэтыя штрафы? На жаль, гэта асабістая пазіцыя гэтых людзей і ніяк уздзейнічаць на яе мы не можам. Таму пакуль спадарыня Ніна не скажа: “Ратуйце, трэба штосьці рабіць”, мы не можам ёй навязваць сваю дапамогу. Гэта адзін аспект, а другі аспект, калі казаць менавіта пра кампанію BY_help, то нашай прынцыповай першаснай пазіцыяй была дапамога тым людзям, якія трапілі ў складаныя сітуацыі з 15-га сакавіка па сённяшні дзень – гэта менавіта тыя людзі, якія трапілі пад прэс вясны 2017. Людзей вельмі шмат, а грошай на жаль не так шмат, калі раздзяліць іх на агульную колькасць. Вы ведаеце, якія велізарныя штрафы, ведаеце колькі каштуюць суткі ў ізалятарах часовага ўтрымання. Такая матэматыка: адна перадача ў СІЗА каштуе ад 100 да 200 рублёў, адзін заход адваката ў СІЗА таксама каштуе каля 100 рублёў. Вось можаце палічыць, калі раздзяліць на ўсіх людзей, зараз сядзіць 18 чалавек, напачатку іх было каля 30. Можна палічыць колькі гэта грошай і на колькі людзей гэта можа хапіць. Насамрэч 55 тыс. пры тых памерах рэпрэсій, якія ў нас былі ў гэтым годзе, гэта не такая ўжо вялікая сума.

РР: Ці была ў вас магчымасць неяк прааналізаваць, што гэта за людзі, якія ахвяравалі свае грошы? Ці можна нейкім чынам скласці нейкі сацыяльны партрэт асобы, якая гатова грошамі падтрымаць палітычных зняволеных?   

Андрэй Стрыжак: Агульны сацыяльны партрэт такі – гэта беларус або беларуска, якія грамадска актыўныя, але не заўсёды. Ёсць людзі, якія насамрэч проста першы раз сутыкнуліся з гэтым і проста аслупянелі ад таго, што робіць улада, ад тых рэпрэсій з якімі сутыкнуліся людзі. У першую чаргу гэта прадстаўнікі бізнеса, якія больш займаліся працай, чым грамадскай дзейнасцю ў Беларусі і заўважылі тое, што адбываецца ў краіне зараз. Вельмі моцная падтрымка з боку беларускай дыяспары, мы думалі, што ў нас яе няма, а аказваецца яна ў нас ёсць. Магу адзначыць вельмі значны ўдзел дыяспары ў ЗША, у Чэхіі, у Даніі, у Расеі, ва Украіне. Амаль ва ўсёй Еўропе былі арганізаваны групы людзей, якія дапамагалі збіраць гэтыя грошы. Вельмі моцна выступіла, напрыклад, Варшава. Гэта чакана, бо там вельмі шмат беларусаў, якія падтрымліваюць сваю сувязь з радзімай нягледзячы на тое, што ў Фэйсбуку іх чмыраць і кажуць, што яны з’ехалі з нашай краіны і таму не маюць права выказвацца. Я канешне не падтрымліваю такія думкі, вельмі добра, што беларусы, якія па той ці іншай прычыне былі вымушаны з’ехаць з Беларусі, падтрымліваюць гэтыя кантакты праз такія ініцыятывы, як BY_help, дапамагаюць сваім землякам.   

РР: “Мы моцныя, калі мы разам” – гэта лозунг вашай кампаніі ці вы проста зразумелі, што гэта менавіта так?

Андрэй СтрыжакСкажам так, два галоўных слогана нашай кампаніі – гэта “Мы моцныя, калі мы разам” і “In solidarity we trust”, яны  нарадзіліся падчас кампаніі. У прынцыпе таксама падчас кампаніі нарадзілася сама назва BY_help, бо ўсё рабілася, як кажуць, “з колаў”. Сама па сабе ініцыятыва аб’яднала тых людзей, якія гатовыя працаваць на карысць людзей у такой сітуацыі, гатовыя трываць магчымыя праблемы і перашкоды, якія могуць быць падчас такой працы. Мы моцныя, калі мы разам. Мы ведалі гэта і да таго, як пачыналі нашую працу, але мы ўпэўніліся ў тым, што не толькі мы падзяляем гэтыя каштоўнасці, што не толькі мы так лічым. Вельмі добра, што так шмат людзей далучылася да кампаніі.     

„Гэта не значыць, што кампанія завершана, мы працягваем дапамагаць рэпрэсаваным падчас Вясны-2017”, – кажуць ініцыятары кампаніі BY_help Андрэй Стрыжак, Ляксей Лявончык і Юлія Дарашкевіч.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя