Андрэй Стрыжак: Не важна, як чыноўнікі лічаць каронавірус, – ён усё роўна ёсць
Гомельскі праваабаронца і валанцёр Андрэй Стрыжак распавёў пра завяршэнне актыўнай фазы кампаніі дапамогі медыкам і статыстыку Міністэрства аховы здароўя па каронавірусу.
Андрэй Стрыжак: За ўвесь час у межах нашай кампаніі з дапамогай грамадскасці было сабрана каля 360 тысяч даляраў. На гэтыя грошы куплялі тое, што неабходна было медыкам і медычным установам.
Зараз збор грошай практычна завершаны, бо і сітуацыя змянілася, і валанцёрам трэба адпачыць. Але магу сказаць, што мы сваю задачу выканалі. Праца ў пік пандэміі праведзена агромністая.
Зараз больш увагі прыцягнута да прэзідэнцкай кампаніі, чым да каронавіруса, хаця праблема нікуды не знікла, і людзі, як паміралі, так і паміраюць. На жаль, грамадства сёння больш зацікаўлена іншымі рэчамі і трохі менш стала думаць пра тое, як абараніць сябе.
РР: Якія высновы зрабілі для сябе пасля правядзення кампаніі?
Андрэй Стрыжак: Яна можа з’яўляцца яскравым прыкладам для іншых кампаній, і тую ініцыятыву, якая адбылася ў Менску падчас крызіса з вадой, я таксама звязваю з нашай працай. Было бачна, што нашым досведам карыстаюцца.
РР: Вы і самі перахварэлі на каронавірус падчас валанцёрскай працы, перанеслі хваробу, што называецца, на нагах. Як зараз сябе адчуваеце?
Андрэй Стрыжак: Цалкам яшчэ не аднавіўся і, як кажуць медыкі, аднаўленне будзе доўгім. Незразумела яшчэ, якія будуць наступствы, бо каронавірус дзейнічае не толькі на лёгкія.
Зараз адчувальна, што частка лёгкіх не працуе, з’явілася большая стамляльнасць, але, магчыма, гэта звязана і з той каласальнай нагрузкай, якая ішла апошнім часам на арганізм. Працавалі па 12-14 гадзін у суткі.
РР: Апошнім часам лічбы захварэлых на каронавірус, якія прыводзіць Міністэрства аховы здароўя, сталі рэзка змяншацца. Ці верыце вы ў гэтую статыстыку?
Андрэй Стрыжак: Я не магу на 100 адсоткаў пра нешта сцвярджаць, бо не спецыяліст у медыцыне.
Але магу сказаць толькі пра тое, што ўбачыў за тры месяцы ў лякарнях, і што чуў ад лекараў. І галоўная выснова – сур’ёзнае захворванне застаецца! І не важна, як чыноўнікі лічаць гэты каронавірус – ён усё роўна ёсць.
Яму можна адміністратыўна загадаць знікнуць, але ж ад гэтага нічога не зменіцца. Можна ставіць захварэлым ад каронавіруса якія заўгодны дыягназы, але наступствы хваробы не зменяцца.
Таму, карыстаючыся магчымасцю, заклікаю ўсіх памятаць, што праблема нікуды не падзелася, нягледзячы на тое, што надвор’е стаіць добрае, і многія забываюцца пра хваробу, якая можа вырубіць чалавека на доўгі час. А пры горшым раскладзе – і закончыцца трагедыяй.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя