Андрэй Стрыжак: Пэўных вынікаў маці ўсё ж дамагліся гэтай галадоўкай
12-я суткі працягваецца галадоўка актывістак “Матчын рух 328”. 11 жанчын з некалькіх гарадоў Беларусі” дабіваюцца перагляду надзвычай жорсткага пакарання сваякам за ўжыванне наркатычных сродкаў.
Рэгіянальны каардынатар Праваабарончага Цэнтру “Вясна” па Гомельшчыне Андрэй Стрыжак заўважае, што галадоўка ўжо дасягнула некалькіх мэтаў, паколькі прыцягнула ўвагу СМІ і прадстаўнікоў улады.
– Калі глядзець на рэакцыю, якая зараз пайшла ад уладаў, то можна сказаць, што пэўных вынікаў яны дамагліся гэтай галадоўкай, бо прадстаўнікі “Руху 328” былі прынятыя кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Качанавай, пра гэтую сітуацыю пачалі гаварыць у голас СМІ і грамадства. Але яшчэ таксама трэба сказаць, што ўлада пачынае рабіць захады, каб ачарніць гэтых людзей, каб паказаць у непрывабным святле.
Актывісткі “Матчынага Руху 328” выступаюць супраць несувымерна жорсткага заканадаўства ў дачыненні да так званых спажыўцоў наркатычных сродкаў.
Галадоўнікі маюць тры патрабаванні да ўладаў: перагляд крымінальных справаў, пачынаючы з 2013 года, сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляд асобных артыкулаў крымінальнага заканадаўства.
Беларускае Радыё Рацыя