Андрэй Стрыжак рэзка выказаўся з нагоды слоў Аляксандра Ярашука



Актывіст прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Андрэй Стрыжак пракаментаваў заяву старшыні Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, які пасля допыту сказаў, што кіраўніцтва прафсаюзу РЭП не з’яўляецца белым і пухнатым.

Андрэй Стрыжак заявіў:

«У той час, як праваабарончая і грамадзянская супольнасць аднагалосна заявіла аб тым, што „справа незалежных прафсаюзаў” аналагічна „справе Бяляцкага”, Аляксандр Ярашук палічыў патрэбным замест салідарнай падтрымкі заявіць пра тое, што кіраўніцтва РЭПа „само моцна падставілася”.

Такая ​​фраза выглядае як помста і спроба вынесці канфліктную сітуацыю ўнутры Кангрэсу на ўсеагульны агляд і менавіта ў той момант, калі нанесены ўдар па двух арганізацыях і калі заведзена крымінальная справа.

Калісьці на адным з з’ездаў БКДП я прапанаваў свае паслугі мадэратара ў канфлікце паміж Ярашуком і Фядынічам. Учора я канчаткова пераканаўся ў тым, на чыім баку выступае гулец з прозвішчам „Ярашук” на майцы. З такімі людзьмі ніякіх перамоў быць не можа.»