Андрэй Стрыжак выйшаў на волю пасля арышту і працяглай галадоўкі
Андрэй Стрыжак выйшаў на волю пасля арышту і працяглай галадоўкі. Але паплечнікам і жонцы сустрэць прафсаюзнага актывіста ля сценаў гомельскага ізалятара не ўдалося. На міліцэйскім аўтамабілі Андрэя Стрыжака даставілі ў Цэнтральны РАУС Гомеля.
Палітык Васіль Палякоў заўважае, што ўлада баіцца праяў салідарнасці:
— Гэта робіцца, каб менш людзей збіралася, каб гэта не было так заўважна, бо, калі яны выпускаюць з ІЧУ, людзі заўсёды збіраюцца. Калі яны вывозяць раней, нехта з тых, хто прыходзіць першым, даведваецца, што ўжо вывезлі і акцыя сустрэчы, адпаведна, не вельмі добра выглядае.
Андрэй Стрыжак у першым выступе перад паплечнікамі заўважыў, што трапіў за краты за права на свабодныя сходы:
— Я сядзеў за праўду, я сядзеў за наша права на свабодныя, мірныя сходы, я сядзеў за тое, каб людзі маглі выходзіць і свабодна выказваць сваё меркаванне, ў сваёй краіне. Я сядзеў у адзіночнай камеры № 14. Усё было, як і ў мінулы раз, у 2008-м годзе, толькі лепш, бо ў 2008-м мы ўтрох сядзелі ў карцэры. Я не ведаю, ці гэта такі шчаслівы збег абставінаў, але там, паміж кратамі, галкі звілі гняздо і людзей туды цяпер не садзяць.
Андрэй Стрыжак правёў у ізалятары 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на ганку суда Цэнтральнага раёна Гомеля. Яшчэ перад арыштам ён абвясціў галадоўку, якая доўжылася 13 сутак.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель