Андрэй Стрыжак: Вырашаем, як перадаць грошы ветэранам бяспечна
Пакуль вырашаецца, ці публікаваць спісы ветэранаў, якія атрымаюць выплаты да Дня Перамогі ад кампаніі салідарнасці BySol.
Па словах аднаго з арганізатараў збору сродкаў Андрэя Стрыжака, зараз вырашаецца пытанне, якім чынам гэта зрабіць бяспечна, каб людзі пабачылі, што заявак было шмат і ветэраны атрымалі дапамогу.
– Мы разумеем, наколькі важная публічная справаздача за нашу працу, але пры гэтым, як і раней, бяспека ідзе наперадзе. Калі зможам бяспечна расказаць пра тое, што канкрэтна гэты чалавек атрымаў канкрэтна такую суму, то так. Зараз сітуацыя складаецца так, што атрыманне дапамогі ад Фонда салідарнасці BySol і іншых структур, якія займаюцца дапамогай, напрыклад, кампаніі BY_help, выклікае вельмі вялікую цікаўнасць з боку праваахоўных органаў, і больш за тое, менавіта гэтае выказванне Аляксандра Лукашэнкі, што ветэраны не возьмуць, то ўлада вельмі зацікаўлена ў тым, каб гэтая “карцінка”, што ветэраны не атрымалі грошы, яна заставалася.
Ініцыятыва BySol усяго за некалькі дзён сабрала для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і вязняў канцэнтрацыйных лагераў каля 30 тысяч еўра. Зараз ідзе верыфікацыя сабраных заявак на атрыманне выплат. Першапачаткова разавыя выплаты да Дня Перамогі сёлета не планаваліся. Аднак калі ініцыятыва BySol заявіла пра намер сабраць грошы для ветэранаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ветэраны «не возьмуць крывавыя грошы”, і што дзяржава выплаціць ім адзінаразовую дапамогу.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя