Андрэй Вардамацкі: 40% расейцаў не давяраюць ураду



Хутка чвэрць стагоддзя споўніцца старэйшай незалежнай сацыялагічнай лабараторыі “НОВАК” доктара сацыялогіі Андрэя Вардамацкага.

Андрэй Вардамацкі

Яна традыцыйна спецыялізуецца на доследах у галіне маркетынгу, СМІ ды грамадскай думкі. Аднак цяпер сам спадар Вардамацкі ня часта гасцюе на Бацькаўшчыне. Бо пасля стварэння “Цэнтра беларускай думкі” ў Варшаўскім універсітэце выкладае там як прафесар сацыялогіі. У час прыезду ў Менск днямі з ім сустрэўся Віталь Сямашка:

– “Левада-Цэнтр” агучыў інфармацыю пра тое, што 40% расейцаў не давяраюць ураду, і гэта пасля 80% падтрымкі імперскай палітыкі Пуціна! Ці магчымыя прадказанні такіх “зігзагаў” у змяненні грамадскай думкі?

Андрэй Вардамацкі: Я магу сказаць, што сутнасцю расейскай грамадскай думкі з’яўляецца тое, што дынамічныя працэсы ідуць вельмі і вельмі марудна. І адносіны да далучэння Крыму пераважная большасць грамадзян Расеі адабрае, і калі нейкая дынаміка адбываецца, то яна вельмі павольная. Расейская грамадская думка – гэта постаць вельмі інертная. І я здзіўлены тым, што вы сказалі.

РР: Гэта маленькі выбух. І ўсё ж такі, рухавікі выбухаў грамадскай думкі вы адсочваеце, ведаеце іхныя першапрычыны? Тое, што было сказана пра расейскую грамадскую думку, тычыцца і беларускай?

Андрэй Вардамацкі: Не, беларуская грамадская думка менш інертная. І яна здольная да больш рэзкіх зменаў. Геапалітычная арыентацыя можа змяняцца, эканамічнае самаадчуванне. І калі гаварыць агульна з метадалагічнага пункту гледжання, то зрухі і змены расейскай грамадскай думкі больш павольныя, чым характэрызуецца беларуская грамадская думка. І гэта натуральна, бо меншая краіна, можа крыху іншыя, прыходзячыя з іншых крыніцаў, медыйныя патокі, медыйныя ўплывы. З гэтага пункту гледжання канчаткова можна сказаць, што беларуская грамадская думка больш дынамічная, чым расейская.

РР: І ўсё ж такі, якія першапрычыны зменаў? Эканоміка, палітыка, геапалітыка, нейкія падзеі?

Андрэй Вардамацкі: Увогуле, заўжды працуе комплекс фактараў, і я б не казаў, што адзін нейкі фактар працуе. Кожны раз сукупнасць фактараў. Ну, і медыйная падача сітуацыі, дадзеных, розных уплываў. У залежнасці ад таго, як працуе медыяімпакт, і рэагуе грамадская думка. Грамадская думка вельмі медыязалежная. Гэта сутнасць грамадскай думкі ў сучасных краінах.

Пасля падсумавання вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў у кватэры Вардамацкага і ў ачоленай ім лабараторыі адбыліся ператрусы і вобшукі. Удзельнікаў апытанняў і раней неаднаразова выклікалі ў пракуратуру.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя