Андрэй Вашкевіч выступіў на гарадзенскай “Мове Нанова”



На апошніх сёлета занятках папулярных курсаў «Мова Нанова Гародня» ў Цэнтры гарадскога жыцця выступіў Андрэй Вашкевіч, які прадставіў кнігі краязнаўцы Андрэя Павача:

– Андрэй Павач – гэта такі пладавіты аўтар, які за апошнія пяць год напісаў 6 ці 7 кніг, ужо цяжка палічыць. Частку з іх напісаў Андрэй Вашкевіч, частку – Андрэй Чарнякевіч, большую частку – напісалі разам. Гэта самыя розныя кнігі. Але іх аб’ядноўвае гарадзенская тэматыка. У першую чаргу, гэта кнігі пра наш горад.

Адметнасцю сустрэчы стала прадстаўленне апошняй кнігі Андрэя Павача:

– Апошняя кніга называецца «Гарадзенскія гісторыі ад Андрэя Павача». Гэтая кніга сабраная з кароткіх гісторыяў, якія маглі б стаць цэлымі кніжкамі калісьці, калі б займаліся тэматыкай. Гэта нешта такое, на што хацелася б адказаць, што б хацелася даследаваць.

Гісторык распавёў пра тапаніміку горада і мясцовасці вакол яго, пра Гарадзенскую вуліцу ў розных частках свету, а музычным аздабленнем сустрэчы стаў выступ гурта «Варта Часу».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча