Андрэя Бандарэнку пераводзяць з калоніі ў турму
Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку пераводзяць са шклоўскай калоніі ў магілёўскую турму. Такое рашэнне было прынята 17 снежня на выязным судовым пасяджэнні ў папраўчай калоніі № 17 Шклова ў сувязі са „шматлікімі парушэннямі” рэжыму, паведаміла дырэктар прыватнай інфамацыйна-кансультацый установы „Рэгіён 119”, праваабаронца Алена Красоўская-Каспяровіч.
„Гэта больш жорсткія ўмовы ўтрымання, таму што калонія прадугледжвае некаторую свабоду перамяшчэння. Турма — гэта камера і дзве гадзіны штодзённай прагулкі”, — зазначыла яна.
Андрэй Бандарэнка быў стваральнікам і кіраўніком інфармацыйна-асветнай установы „Платформа” і культурна-асветнай установы „Платформ інавейшн”, якія займаліся абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. 12 жніўня 2014 года суд прызнаў яго вінаватым па трох частках артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства) і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.
У папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, куды з самага пачатку трапіў Бандарэнка, у яго ўзніклі сур’ёзныя канфлікты са зняволенымі, у сувязі з чым праваабаронцу перавялі ў Шклоў. Аднак і ў шклоўскай калоніі яму прысвоілі гэтак званы „нізкі статус”. Бандарэнка неаднаразова прасіў адміністрацыю калоніі змясціць яго ў бяспечнае месца. Такім месцам, як правіла, быў штрафны ізалятар.
У апошнія два месяцы, паводле інфармацыі Красоўскай-Каспяровіч, Бандарэнка знаходзіўся ў атрадзе, але канфлікты працягваліся, ён атрымаў папярэджанне ад адміністрацыі за стварэнне канфліктных сітуацый і быў атэставаны як „злосны парушальнік рэжыму”. Зараз, па рашэнні суда, праваабаронца будзе адбываць пакаранне ў турме.