Андрэя Фралова арыштавалі на 15 сутак і аштрафавалі на 870 рублёў
Гарадзенскі журналіст-фрылансар Андрэй Фралоў арыштаваны на 15 сутак і аштрафаваны на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Такое рашэнне прынятае 7 траўня на пасяджэнні суда Лідскага раёна (Гарадзенскай вобласць), паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Фралова прызналі вінаватым па арт. 23.5 (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі) і арт. 24.3 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Пасля суда журналіста павезлі ў лідскі ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).
Фралова затрымалі ўвечары 4 траўня ў Бярозаўцы (Лідскі раён). На наступны дзень яго родным паведамілі, што ён у ІЧУ, затрыманы на 72 гадзіны.
У жонкі Фралова адмовіліся прыняць для яго перадачу, патлумачыўшы, што „для палітычных перадачы не прымаюцца”.
Андрэй Фралоў супрацоўнічае з рознымі медыя, уключаючы польскі тэлеканал TVP Polonia.