Андрэя Мялешку будуць судзіць 2 снежня



Незалежнага журналіста з Гародні Андрэя Мялешку зноў будуць судзіць за супрацу з незалежнымі СМІ без акрэдытацыі. 29 лістапада ён атрымаў позву ў суд заказным лістом. Судзіць журналіста будуць 2 снежня ў Ленінінскім судзе Гародні.

– Мне прывезлі позву ў сувязі з тым, што на мяне ўзбуджана адміністрацыйная справа па артыкуле 22.9 частка 2 – незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі, у тым ліку гэта супраца з Беларускім Радыё Рацыя. Я браў інтэрв’ю ў прафесара Гарадзенскага ўніверсітэта Валерыя Чарапіцы падчас прэзентацыі кнігі “400 імёнаў Гарадзеншчыны” ў абласной гарадзенскай бібліятэцы. Матэрыял быў змешчаны на інтэрнэт-старонцы Радыё Рацыя, і ў сувязі з гэтым на мяне заведзена яшчэ адна справа.

Андрэя Мялешку ўжо трэці раз у гэтым годзе прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, якой немагчыма атрымаць у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Журналіст лічыць чарговую справу супраць яго палітычна матываванай і называе гэта забаронай на прафесію. Апрача Андрэя Мялешкі позву на суд па тым жа артыкуле чакае незалежная журналістка з Бярозы Тамара Шчапёткіна.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя