Андрэя Пачобута перавялі ў СІЗА Жодзіна



Андрэя Пачобута перавезлі ў Жодзінскае СІЗА. Раней яго ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менска. Паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналіста і сябра «Саюзу палякаў у Беларусі» Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка ў Гародні і даставілі на допыт у Следчы камітэт у Менску. У статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (здзяйсненне групай асобаў наўмысных дзеянняў па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і рэабілітацыі нацызму) яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1.

Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Пераслед Андрэя Пачобута адбываецца ў рамках ціску на польскую меншасць у Беларусі. Следам за ператрусамі і затрыманнямі прадстаўнікоў Саюзу палякаў у Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях улады пачалі праверку ўстановаў, дзе вывучаецца польская мова і культура.

Раней Андрэй Пачобут ужо быў палітычным зняволеным. У 2011 годзе Гарадзенсая абласная пракуратура пачала супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на прэзідэнта Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня таго ж году суддзя Ленінскага раённага суду Гародні Віталь Ляцко асудзіў яго на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады за паклёп. Па артыкуле, які тычыўся абразы прэзідэнта, журналіст быў апраўданы і вызвалены ў залі суду.

Новы адрас для лістоў Андрэю Пачобуту: следчая турма №8. 222163, Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.

Следчы камітэт працягвае пераслед польскіх актывістаў у рамках свайго расследавання. У апошнія дні кіраўнікоў структураў Саюзу палякаў Беларусі выклікалі для допытаў у Гародні, Менску, Маладэчне, Індуры ды іншых месцах.

novychas.by