Сёння адбудзецца суд над Андрэем Шарэндам (абноўлена)
Праваабаронцам стала вядома ў чым вінавацяць берасцейскага грамадскага актывіста Андрэя Шарэнду. Раніцай стала вядома, што хлопец затрыманы і яго збіраюцца даставіць у суд.
Папярэдне адміністрацыйную справу ў адносінах да яго разгледзяць у Судзе Маскоўскага раёна Берасця а 16:00, – паведамляе мясцовы праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Яго вінавацяць у тым, што ён заклікаў да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве. Знайшлі ў „Тэлеграме” нейкія яго словы і менавіта на гэтай падставе вырашылі яго пакараць. Выказванні тычыліся мерапрыемства, якое адбылося, і за якое дзясяткі берасцейцаў пацярпелі 14 ліпеня.
14 ліпеня 2020 года ў Берасці адбыліся «ланцугі салідарнасці» і «шэсці па горадзе». Не менш за 40 чалавек тады былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, чатырох з якіх арыштавалі. Рэшта атрымала максімальныя штрафы за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Хваля тых акцый была прымеркаваная да завяршэння этапу збору подпісаў за прэтэндэнтаў на кандыдаты ў Прэзідэнты Беларусі і ў знак салідарнасці з арыштаваным блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Сябры і паплечнікі берасцейскага актывіста Андрэя Шарэнды, са спасылкай на ягоную жонку Паліну, паведамляюць пра тое, што яго вязуць у суд.
Прычына і месца затрымання пакуль невядомыя, але мясцовыя праваабаронцы пацвярджаюць гэтую інфармацыю і сочаць за развіццём падзей:
– Вязуць. Некалькі дзён таму да яго прыходзілі, забралі тэлефоны. Што гэта было, я не зразумеў, шчыра кажучы. Так здарылася, што ў іх забралі тэлефоны, я думаў, што, можа, у іх гэта адціскаюць за нявыплату штрафаў. Затрымалі, яны не маглі доўгі час звязацца, і вось сёння Паліна патэлефанавала і кажа, што мужа вязуць. І тады паслалі ганцоў
РР: У які суд яго павезлі?
Хто яго ведае?
Андрэй Шарэнда – берасцейскі грамадскі актывіст. Неаднаразовы ўдзельнік выбарчых кампаніяў і акцыяў пратэсту. Telegram актывіста не адказвае.
Беларускае Радыё Рацыя